Пракуратура зацікавілася будучымі акцыямі прадпрымальнікаў

Лідэра прадпрымальнікаў Віктара Гарбачова 4 лістапада выклікалі ў пракуратуру Барысава і барысаўскага раёна. З яго патрабавалі тлумачэнняў з нагоды артыкулаў у прэсе за апошні месяц.  Як паведаміў Еўрарадыё сам прадпрымальнік, ягоныя артыкулы ў СМІ тычыліся адмены адзінага падатку з Новага году. У сувязі з гэтымі зменамі, кажа В.Гарбачоў, каля 120-150 тыс. прадпрымальнікаў страцяць працу.

Гарбачоў: А калі ўлада не чуе і не бачыць, то прадпрымальнікі могуць паўтарыць тое, што было ў мінулыя гады ўзімку — выйдуць на плошчу. І гэта паўсюль праходзіць — і яны лічаць, што я заклікаю на плошчы, прызначаю даты, называю тыя, што былі ў мінулым годзе. Могуць паўтарыцца такія ж акцыі, якія былі такога і такога дня. Народ гэтыя акцыі памятае, і ў гэтыя дні можа выйсці з патрабаваннямі даць спакойна працаваць.

Па словах В.Гарбачова, у пракуратуры яго ні ў чым не абвінавачвалі, а проста спрабавалі выведаць, ці плануюцца нейкія акцыі. Але высветлілася, што ў прадпрымальніка і пракурорскіх работнікаў адрозніваецца разуменне слова "акцыя".

Гарбачоў: Напрыклад, мы арганізуем акцыю па зборы подпісаў пад праектам закону аб малым і сярэднім прадпрымальніцтве, які мы плануем перадаць 10 снежня ў парламент. Акцыя? Акцыя! Я вам што, павінен за кожную акцыю даваць справаздачу?

Лідэр прадпрымальнікаў адзначыў, што ў пракуратуры пад словам "акцыя" разумеюць толькі вулічныя дзеянні. Між тым сам Гарбачоў гаворыць толькі пра меры, скіраваныя на змены заканадаўства. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі