Вы тут

Прадстаўнік СААЗ расказаў, калі можа скончыцца пандэмія каранавіруса

У многіх краінах свету ідзе вакцынацыя супраць COVID-19 / Reuters​

Пандэмія каранавіруса скончыцца ў пачатку 2022 года, мяркуе кіраўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Ханс Клюге. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю дацкаму тэлеканалу DR.

"Найгоршы сцэнар за спінай. Мы ведаем пра вірус больш у параўнанні з 2020 годам, калі ён толькі пачаў распаўсюджвацца", — адзначыў Клюге.

Па словах прадстаўніка СААЗ, вірус не знікне, ён будзе распаўсюджвацца, але ўжо не будзе такой вострай неабходнасці ў шматлікіх абмежаваннях.  Пры гэтым ён асабліва падкрэсліў, што яго словы і здагадкі — толькі прагноз, імавернае развіццё падзей. 

Прадстаўнік СААЗ таксама адзначыў, што з'яўленне новых мутацый каранавіруса — гэта натуральны працэс. З улікам гэтых новых версій віруса могуць быць адкарэктаваныя ўжо распрацаваныя вакцыны, але не выключаны варыянт, што іх давядзецца ствараць з нуля.

Паводле звестак Інстытута Хопкінса, на 24 лютага колькасць заражаных каранавірусам у свеце перавысіла 112 мільёнаў чалавек, з іх 2,48 мільёна памерлі.

Між тым у шэрагу краін не выключаюць і трэцюю хвалю каранавіруса. Але ў Беларусі раней за лета яе не чакаюць, заяўляў раней галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка. "Мы не застрахаваныя ад трэцяй, чацвёртай хвалі. Час пакажа. Але пакуль трэцяя хваля да лета гэтага года не прагназуецца", — казаў ён. Пры гэтым ён падкрэсліў, што новыя штамы каранавіруса, заўважаныя ў іншых краінах, у Беларусі не выяўленыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.