Прадстаўнік ПРААН: У Беларусі працуюць праекты, якія не тычацца палітыкі

Грошы выдаткоўваюцца пад сумесны з Мінэканомікі праект “Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымянення механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства”. Пра тое, ці не патрацяць еўрапейскія грошы ў Беларусі марна і што павінна атрымацца ў выніку, Еўрарадыё размаўляе з прадстаўніком Праграмы развіцця Арганізацыі аб’яднаных нацый у Беларусі Санакам Самарасінхам.

Еўрарадыё: Праект закліканы навучыць партнёрскім адносінам дзяржаву і прыватны бізнэс Беларусі. Але самі прадпрымальнікі кажуць, што бізнэс у нас альбо знаходзіцца ў занядбаным стане, альбо кантралюецца дзяржавай. Адсюль: на каго разлічаны праект і ці магчыма дасягнуць пастаўленых ім мэтаў?

Санака Самарасінха: З выступаў спікераў на сённяшняй канферэнцыі бачна, што на самым высокім узроўні ёсць разуменне таго, што менавіта прыватны бізнес з’яўляецца апорай і неабходным складнікам у такіх праектах. Сёння прысутнічаў не толькі міністр эканомікі (Мікалай Снапкоў – Еўрарадыё), але і высокага ўзроўню прадстаўнікі іншых міністэрстваў, быў прадстаўнік прэзідэнцкай адміністрацыі. Была ў мяне на гэтую ж тэму вельмі прадуктыўная размова з кіраўніцтвам парламента. Адсюль я раблю выснову, што з боку беларускага кіраўніцтва ёсць разуменне і прызнанне таго, што гэта важана. І першым крокам на шляху стварэння механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства павінна стаць якаснае заканадаўчае забеспячэнне. І мы бачым, што пэўныя крокі ў гэтым робяцца і праца вядзецца.

Палітычная воля, палітычнае рашэнне на гэты конт ужо ёсць – падрыхтаваны праект закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. І наша задача ў тым, каб гэты закон быў прыняты ў патрэбным рэчышчы, патрэбнай якасці і неабходным фармаце. А наступным этапам гэтай працы будзе – як прыцягнуць прыватны бізнэс у гэтыя праекты. Тут вельмі важна заканадаўства, бо менавіта яно можа забяспечыць прыцягненне прыватнага партнёра ў праекты. Я сам юрыст па адукацыі і ведаю, што закон дазваляе не проста ўсталяваць неабходнае асяроддзе і паставіць рамкі – закон дазваляе прадказаць будучыню.

У выніку рэалізацыі гэтай праграмы бізнэс павінен даведацца, якія магчымасці даюць сумесныя з дзяржавай праекты і якім будзе “вяртанне” ад укладання ў іх. А дзяржава, са свайго боку, павінна забяспечыць дзве рэчы: будучую ўстойлівасць і ўстанавіць такія рэгулятыўныя інстытуцыйныя межы, якія дазволілі б забяспечыць кантроль за прадстаўленнем якасных паслуг прыватным сектарам.

Еўрарадыё: Такім чынам, праект – мадэрнізацыйны.Не менш цікавых мадэрнізацыйных праектаў прапануюць Беларусі Усходняе партнёрства і Дыялог па мадэрнізацыі Беларусі. Але нашы ўлады ў іх не ўдзельнічаюць, бо, сцвярджаюць эксперты, разумець палітычную небяспеку ад эканамічнай мадэрнізацыі. Вы верыце, што напрацоўкамі гэтага праекта, на які ў выніку патрацяць звыш 1 мільёна еўра, будуць у нашай краіне рэальна карыстацца?

Санака Самарасінха: На сённяшнім этапе я абсалютна ўпэўнены, што гэта выдатная ініцыятыва, што гэта ініцыятыва падтрымліваецца ўрадам. І ў той сітуацыі, якая складваецца цяпер, памер фінансавання – не такая ўжо і вялікая сума. І грошы будуць патрачаныя на карысныя мэты. Я так кажу не таму, што Праграма развіцця ААН задзейнічаная ў гэтым праекце. А яшчэ і таму, што кіраўніцтва Беларусі на самым высокім узроўні ўпэўнена, што такое партнёрства з’яўляецца дзейсным і неабходным. І я ўпэўнены, што такія ініцыятывы, якія ніякім чынам не факусіруюцца на палітыцы, дапамагаюць сканцэнтраваць увагу на такіх пытаннях як: “Што прымушае працаваць бізнэс і што з’яўляецца разумным для бізнэсу? Што стымулюе яго развіццё?”

Я спадзяюся, што гэтая ініцыятыва дазволіць сфакусіраваць намаганні на самым неабходным для грамадзян Беларусі. Замест таго, каб нейкім чынам быць уцягнутымі ў палітычныя дзеянні. Упэўнены, што ў нас усё атрымаецца: праект рэалізуецца ПРААН сумесна з Міністэрствам эканомікі і на высокім урадавым узроўні нам аказваецца падтрымка. У той жа час фінансаванне праекта прадстаўляе Еўрапейскі саюз. Але мы гаворым не пра палітыку, а пра тое, што дазваляе Беларусі развівацца. Калі мы працягнем працу ў праекце ў такім ключы, то, я ўпэўнены, мэта будзе дасягнута.

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, Прадстаўнік ПРААН Санака Самарасінха, памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды на канферэнцыі ў Мінску

Еўрарадыё: Але ці час для такіх праектаў – у эканоміцы цяжкасці, людзі баяцца новай дэвальвацыі, і палітычны, і эканамічны імідж нашай краіны ў свеце негатыўны? Можа, пачакаць лепшых часоў?

Санака Самарасінха: Я думаю, што лепшыя часы могуць прыйсці толькі ў партнёрстве. Таму, коратка я адкажу так: “Самы лепшы час – менавіта цяпер!” Менавіта з-за ўсіх тых прычынаў, якія вы ўзгадалі ў сваім пытанні.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі