Прадстаўнік Еўракамісіі: Мы б хацелі, каб беларусы ездзілі ў Еўропу без віз

Але гэтаму замінае адсутнасць паслядоўных і незваротных крокаў з боку Мінска на шляху да дэмакратызацыі
1 і 2 кастрычніка прадстаўнікі Еўрасаюза праводзілі сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай улады, грамадскіх арганізацый і лідэрамі апазіцыі, спрабуючы тлумачыць — у чым сэнс праграмы “Ўсходняе партнёрства”.

Як адзначыў кіраўнік аддзела генеральнай дырэкцыі па знешніх сувязях Еўракамісіі Джон О’Рурк, такія тлумачальныя сустрэчы адначасова праходзілі ва ўсіх астатніх краінах-удзельніцах “Усходняга партнёрства”.

Джон О’Рурк: “Мы вырашылі, што зараз спрыяльны час для таго, каб наведаць усе гэтыя краіны і патлумачыць як мага шырэйшай аўдыторыі, што з сябе ўяўляе гэтая праграма і што яна мае на мэце. А таксама расказаць пра механізмы і ўмовы, пры якіх мы можам супрацоўнічаць”.

Паводле слоў чыноўніка Еўракамісіі, падчас сустрэч і дыскусій яны спрабавалі давесці да суразмоўцаў сваё бачанне самой ідэі праграмы “Ўсходняе партнёрства”. Патлумачыць, што галоўная мэта яе — намагацца вырашыць пытанні, якія прадстаўляюць агульную цікаўнасць для ўсіх удзельнікаў праграмы. А таксама распавесці, у чым сэнс праграм, якія прапаноўвае Еўрасаюз, і як праяўляецца сутнасць Еўрасаюза ў розных галінах грамадскага жыцця.

У адказ прапаноўвалі выказвацца па сутнасці праблем, з якімі сутыкаюцца краіны, ідучы па шляху рэформаў, прапанаваных Еўрасаюзам. Асабліва што тычыцца дэмакратызацыі грамадства, вяршэнства закона, захаванне правоў чалавека.

Джон О’Рурк: “Мы можам прасунуцца наперад толькі ў тым выпадку, калі партнёры самі для сябе ставяць вялікія мэты ў накірунку дэмакратычнага праўлення, дасягнення прынцыпаў рынкавай эканомікі і гэтак далей. Мы павінны ведаць, якую пазіцыю займае кіраўніцтва Беларусі па ўзаемадзеянні ў межах праграмы “Ўсходняе партнёрства”, мы за празрыстасць у гэтым”.

Згодна з яго словамі, як прадстаўнікі апазіцыі і грамадскіх арганізацый, так і прадстаўнікі ўладаў прыходзілі на сустрэчу добра падрыхтаванымі, са сваімі прапановамі па супрацоўніцтве.

Гэта, кажа Джон О’Рурк, сведчанне таго, што яны вельмі зацікаўленыя ў развіцці ўзаемаадносін Беларусі з Еўрасаюзам. Але пакуль канкрэтная размова можа весціся аб рэалізацыі некалькіх шматбаковых праграм з удзелам усіх 6 краін-удзельніц “Усходняга партнёрства”.

Джон О’Рурк: “Мы прапаноўваем праект інтэграванага кіравання межамі, праект у галіне падтрымкі малых і сярэдніх прадпрыемстваў, праект у галіне энергазберажэння. А таксама праект, які зараз толькі рыхтуецца, па папярэджванні і рэагаванні на антрапагенныя альбо прыродныя катастрофы: землятрусы, паводкі і гэтак далей. Ёсць шэсць такіх флагманскіх праектаў і мы спадзяемся, што ўсе краіны-удзельніцы змогуць атрымаць выгаду ад рэалізацыі гэтых праектаў”.

Вось толькі ці возьме Беларусь удзел ва ўсіх гэтых “флагманскіх праектах”, а калі возьме, то на якіх умовах, намеснік кіраўніка аддзела Еўракамісіі па супрацоўніцтве з Беларуссю, Украінай, Малдовай і краінамі Закаўказзя Рэйнхальд Брэндэр, прагназаваць не ўзяўся.

Рэйнхальд Брэндэр: “Перспектывы ўдзелу Беларусі ў праектах праграмы “Ўсходняга партнёрства” — вельмі важнае пытанне. Неабходна гатоўнасць беларускіх улад удзельнічаць у іх на шматбаковым узроўні. Мы гатовыя да супрацоўніцтва. Але неабходна ўлічваць, што стрыжань адносінаў паміж ЕС і Беларуссю — гэта двухбаковыя ўзаемаадносіны. Там ёсць і свае праблемы, і свае выклікі. Але ў апошні час Еўрасаюз пачаў праводзіць больш актыўную палітыку па наладжванні адносінаў з Беларуссю”.

Безумоўна, кажа Рэйнхальд Брэндэр, беларускія ўлады больш цікавяць фінансавыя праекты “Ўсходняга партнёрства”, чым тыя, дзе ідзе гаворка пра дэмакратызацыю грамадства, лібералізацыю эканомікі альбо свабоды і правы чалавека. Ёсць у Еўрасаюза і такія прапановы. Але ёсць і тыя, якія прыйдуцца да спадобы грамадскасці.

Рэйнхальд Брэндэр: “Мы хацелі нешта зрабіць, каб павялічыліся кантакты паміж людзьмі. Нам бы хацелася працаваць ва ўмовах бязвізавага рэжыму. Нам хацелася б паглядзець, што можна зрабіць з абодвух бакоў, каб грамадзяне Беларусі маглі свабодна наведваць краіны Еўрасаюза. Гэта вельмі важна — кантакты паміж людзьмі. Безумоўна, ёсць праблемы забеспячэння бяспекі з абодвух бакоў. Але іх можна паспрабаваць вырашыць”.

Вось толькі адсутнасць у Беларусі паслядоўных і незваротных крокаў на шляху да дэмакратызацыі, кажа Рэйнхальд Брэндэр, ствараюць праблемы для выканання як гэтага, так і шэрагу іншых праектаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі