Прадпрымальнікі будуць прадаваць 70% беларускіх тавараў?

Прынамсі, такія размовы ўжо вядуцца сярод гродзенскіх ІП-шнікаў Камітэт дзяржкантролю праверыў прадпрымальнікаў на гродзенскіх рынках і выявіў, што ў 48% “кропак” няма прадукцыі айчыннай вытворчасці.

Як распавёў Еўрарадыё адзін з правераных прадпрымальнікаў Аляксандр Гуліч, ніякіх санкцый супраць прадпрымальнікаў не было.

Аляксандр Гуліч: "Ніякіх штрафаў не было. Яны проста прыходзілі перапісвалі тавар, які ёсць на “кропцы”, і глядзелі, ці ёсць беларускі тавар".

Пакуль афіцыйнага загаду, каб на рынках абавязкова гандлявалі беларускімі таварамі, няма, але сярод прадпрымальнікаў вядуцца размовы, што з новага года на “кропцы” павінна быць 70% беларускага тавара, кажа Аляксандр Гуліч.

Аляксандр Гуліч: "Распараджэння аб тым, што я павінен гандляваць беларускім таварам, няма, аднак негалоснае — ёсць. Але ж мэнэджараў, якія прапаноўваюць гандлярам беларускі тавар, я ніколі не бачыў. Вось у фірмаў, якія гандлююць расійскім, украінскім таварам, ёсць мэнэджары. Яны раз на тыдзень абыходзяць рынак, прымаюць заяўкі і прывозяць пад нос".  

Калі правяральшчыкі пытаюць у Аляксандра Гуліча, чаму той не гандлюе айчыннымі таварамі, ён задае ім адно простае пытанне:

"Вось я пытаю у правяральшчыкаў: якім вы парашком мыеце бялізну — беларускім ці імпартным? І нават яны кажуць, што не карыстаюцца беларускім чамусьці".

Старшыня гарадзенскага ГарПО, якому падпарадкоўваецца Грандзіцкі рынак, Рэгіна Бутэр кажа, што адміністрацыі рынкаў не павінны назіраць за тым, каб прадпрымальнікі гандлявалі беларускім.

Рэгіна Бутэр: "Я прадпрымальнікаў кантраляваць не абавязаная. Ліцэнзію ім выдае гарвыканкам, асартымент зацвярджае таксама выканкам, а мы толькі даем гандлёвае месца. І для рынка яны павінны выконваць толькі тыя патрабаванні, якія ў дагаворы: санітарнае становішча, працоўнае адзенне, бэджыкі. А чым ім гандляваць — вырашае выканкам".

А ў тым, што айчынная прадукцыя рэдка з'яўляецца ў рынкавых гандляроў, Рэгіна Бутэр вінаваціць саміх беларускіх вытворцаў ды пастаўшчыкоў.

Рэгіна Бутэр: "Але калі разбірацца, то беларускія пастаўшчыкі самі павінны ісці да пакупнікоў (да ўладальнікаў гандлёвых “кропак”. — ЕРБ) і прапаноўваць свой тавар. Але яны не вельмі зрушваюцца з месца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі