Пра што Ціханоўская і Латушка пагаварылі ў ClubHouse з 1300 прыхільнікаў

Пра што Ціханоўская і Латушка пагаварылі ў ClubHouse з 1300 прыхільнікаў

У новай сацыяльнай сетцы ClubHouse адбылася размова Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі і Франка Вячоркі з прыхільнікамі. У ёй паўдзельнічалі больш за тысячу чалавек. Гэта першая такая сустрэча, Калі фармат будзе паспяховым, то будуць і наступныя. 

ClubHouse — гэта сацсетка, дзе чалавек можа наўпрост задаць пытанне VIPам альбо проста пагаварыць з імі. 

Тэма спаткання была абазначаная як "Беларусь пасля Лукашэнкі", піша "Наша Ніва".

Латушка акрэсліў, якой ён бачыць краіну: "Беларусь будучыні для мяне — гэта новыя дэмакратычныя выбары. Пасля выбараў — прыняцце новай Канстытуцыі. Пабудова парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі, дзе за права фармаваць будуць весці палітычныя партыі. Паўнамоцтвы парламента і прэзідэнта будуць прапісаныя так, каб выключыць магчымасць узурпацыі ўлады. У эканоміцы — актыўная, рыначная эканоміка. Часткова прыватызацыя, стварэнне новых галін эканомікі, добрыя ўмовы для прыходу інвестараў. Усе пацярпелыя цягам палітычных рэпрэсій будуць апраўданыя і атрымаюць кампенсацыю".

Ціханоўская большы акцэнт зрабіла не на палітыцы і эканоміцы, а на прыватным чалавечым жыцці: "Для мяне самае галоўнае — гэта бяспека. Павел Латушка гаварыў пра ідэальную Беларусь, і шмат у каго можа скласціся меркаванне: калі мы пераможам, то ўсё адразу стане прыўкрасна. Але ж мы разумеем, што гэта не так. Мы павінны разумець, што гэта доўгі працэс, вельмі шмат работы".

Яна прапанавала падумаць, з якімі праблемамі найперш сутыкнецца Беларусь пасля змены ўлады.

"Галоўная праблема — гэта судовая сістэма, адсутнасць у Беларусі незалежных судоў. Калі такая сістэма з’явіцца, то астатняе рашаць будзе нашмат прасцей", — лічыць блогер Антон Матолька.

Слухач з Каліфорніі сказаў, што гатовы выходзіць на пратэсты, і пытаўся, што рабіць, калі ўлада не пойдзе на перамовы. Латушка на гэта адказаў, што яны будуць імкнуцца да перамоваў. "Калі ўлада не пойдзе на перамовы, то ў грамадства ёсць права на самаабарону і рэагаванне іншымі законнымі метадамі на бясчынства ўладаў", — дадаў палітык.

Ціханоўская адказала на пытанне пра магчымыя перамовы з Расіяй: "Дамаўляцца патрэбна з усімі, ой, я перайшла на беларускую мову... Мы адкрытыя да дыялогу, калі ў нас будуць кантакты з афіцыйнай Расіяй, то адразу раскажам".

Калі зайшла гаворка пра рэформы МУС, Ціханоўская зазначыла, што без пераходу сілавікоў вельмі цяжка перамагчы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі