Польскіх шпіёнаў затрымалі яшчэ зімой

Як вынікае з кадраў, паказаных на тэлеканале АНТ, чацвёра беларускіх вайскоўцаў і адзін расійскі, якія прадавалі палякам звесткі пра сістэму супрацьпаветранай абароны, былі затрыманыя яшчэ 5 студзеня 2007 года.
Беларускі тэлеканал таксама прадэманстраваў кадры, дзе затрыманыя шпіёны распавядаюць пра здзейсненыя імі злачынствы, а таксама пра тое, як іх вербавалі.

Па словах аднаго з вайскоўцаў, яму прапанавалі супрацоўніцтва, калі яго затрымалі польскія памежнікі. У будучага шпіёна, паводле яго прызнання, палякі знайшлі колькасць алкаголю, што перавышае дазволеную на ўвоз у пяць разоў.

Памежнікі прыстрашылі вайскоўца забаронай на ўезд на тэрыторыю Польшчы на 5 гадоў. Пасля гэтага беларус пагадзіўся прадаваць інфармацыю пра СПА.

Пры гэтым, калі прыгледзецца, на кадрах дакладна відаць, што прадаваў вайсковец сакрэтную інфармацыю на флэшцы памерам 256 Мегабайт.

Як распавялі па АНТ, матэрыялы справы перададзены ў суд. Аднак, як паведаміла “Радыё Свабода” са спасылкай на прэс-службу Вярхоўнага суда, справы там пакуль няма. Яе адсутнасць у судзе патлумачылі “тэхнічнымі прычынамі”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі