Польскі Сенат патрабуе вызваліць Казуліна

“Сенат Польшчы патрабуе вызвалення беларускага апазыцыянера і кандыдыта ў прэзідэнты на выбарах 2006 году Аляксандра Казуліна”.

Гэта цытата з рэзалюцыі, прынятай у сераду 21 лютага ў польскім Сенаце. Нагадаю, што Аляксандр Казулін пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе быў асуджаны на 5 з паловай гадоў пазбаўлення волі па артыкуле “хуліганства”.
Якім чынам прыняццё рэзалюцыі польскага сенату можа паўплываць на беларускую ўладу, кажа Стэфан Несялоўскі, кіраўнік камісіі замежных справаў ды ініцыятар рэзалюцыі:


(Стэфан Несялоўскі) “Само прыняццё рэзалюцыі з’яўляецца сігналам маральным, што вельмі істотна. Таксама гэта сігнал палітычны: для спадара Лукашэнкі зараз вельмі істотныя добрыя стасункі з Еўрасаюзам ды Польшчай, і каб гэта асягнуць, найлягчэйшым і найбольш пераканаўчым жэстам беларускай улады было б вызваленне Казуліна і ўсіх палітычных вязняў.


Менавіта таму мы мяркуем, што гэтая рэзалюцыя можа мець рэальныя наступствы”.


Стэфан Несялоўскі зазначыў, што рэзалюцыя — гэта толькі пачатак барацьбы за беларускіх палітычных вязняў. Галоўная мэта сенатараў — узняць гэтае пытанне на Савеце Еўропы. На паседжанні Сенату прысутнічала таксама Ірына Казуліна, жонка палітвязня.


Пад будынкам варшаўскага Сенату сабралася група беларускіх палітычных уцекачоў з бела-чырвона-белымі сцягамі ды плакатамі з інфармацыяй пра Казуліна, які ужо 333 дні знаходзіцца за кратамі:


“У знак удзячнасці мы наладзілі пікет. Каб падзякаваць польскім сенатарам за тыя турботы, якія яны праяўляюць, каб усталяваць дэмакратыю ў Беларусі”.


У падтрымку Аляксандра Казуліна была створана старонка www.swabodukazulinu.pl , дзе можна атрымыць падрабязную інфармацыю ды даслаць ліст Лукашэнку з патрабаваннем вызваліць Казуліна. Такіх лістоў выслана ўжо больш за 300. Стваральнікі старонкі — варшаўская ініцыятыва “Вольная Беларусь” .


На фота — сенатар Несялоўскі (krolikibedanagie.com )