Польская пракуратура не стала пачынаць справу пра візы для беларускіх айцішнікаў
Праграміст, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Польская пракуратура адмовілася пачынаць справу пра неправамерную выдачу візаў айцішнікам, пераважна беларускім. Прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве Пётр Скіда заявіў у каментары журналістам, што з апавяшчэння, пададзенага ў пракуратуру, было немагчыма вызначыць, у чым палягала злачынства. На гэта звярнула ўвагу выданне MOST.
Гаворка ідзе пра візы, выдадзеныя ў рамках праграмы PBN (Poland. Business Harbour). Яе запусцілі ў 2020 годзе, каб прыцягнуць у Польшчу спецыялістаў і тэхналагічныя кампаніі з Беларусі. Пазней праграма была пашыраная на іншыя постсавецкія краіны. У яе ўваходзілі выдача нацыянальнай візы D23, юрыдычная падтрымка пры пераездзе, дапамога ў кантактах з органамі самакіравання ды інвестарамі.
У студзені 2024 года Польшча закрыла праграму праз сумневы ў мэтавым выкарыстанні віз.
Справа PBH стала часткай скандальнай "візавай афёры" ў Польшчы. Меркавалася, што пры спрошчанай працэдуры выдачы віз IT-спецыялістам яны не праходзілі належнага кантролю. Напрыклад, не правяраліся іх кампетэнцыі. Акрамя таго, Польшча "страціла" 85% тых, хто атрымаў візы.
У рамках праграмы было выдадзена больш за 95 тыс. візаў, у тым ліку 88,5 тыс. — грамадзянам Беларусі. Па гэтых візах у Польшчу прыехала толькі 13,5 тыс. чалавек.
У пракуратуры цяпер кажуць, аднак, што падазрэнне ў неправамернай выдачы віз не мела нічога агульнага з заяўленымі наступствамі — гэта значыць, з прычыненнем значнай маёмаснай шкоды.