Польшча не паведамляе Беларусі імёны палітуцекачоў

Хто з беларусаў стаў у Польшчы палітычным уцекачом, беларускія спецслужбы не даведаюцца. Гэтую інфармацыю палякі не даюць нават сваім калегам у Еўрапейскім Саюзе. Пра гэта карэспандэнту Еўрарадыё расказала прадстаўніца бюро Вярхоўнага камісара ААН у Польшчы па справах ўцекачоў Марыя Памула.

Марыя Памула: “У дакументах ніколі не пазначаецца прычына, па якой чалавек атрымаў статус уцекача. Рашэнне станоўчае — і кропка. Гэта звязана з пытаннямі бяспекі: калі нехта паедзе далей на Захад і пакажа гэтае рашэнне, то не абавязкова ўсе павінныя ведаць, на падставе чаго ён атрымаў гэты статус”.

Нават калі звярнуцца ў Бюро па справах замежнікаў, кажа прадстаўніца ААН, то можна атрымаць інфармацыю, якія прычыны прымусілі грамадзян Беларусі прасіць статус уцекача. Але ніхто нічога не скажа па канкрэтных людзях., пакуль сам чалавек не выкажа згоду, каб гэтую інфармацыю нехта ведаў.

Доступ да гэтай інфармацыі можа быць абмежаваны нават польскім спецслужбам, сцвярджае спн. Памула.

Марыя Памула: “Можа быць выключэнне для польскіх служб знешняй выведкі, якія на пэўным этапе могуць праверыць, ці не з’яўляецца гэтая асоба тэрарыстам, якога аб’явілі ў вышук. Але ніякія замежныя службы іншых дзяржаў не маюць доступу да асабістых спраў уцекачоў”.

Дарэчы, у 2008 годзе статус уцекача атрымалі 14 беларусаў, а ў 2009 — 20. Летась па атрыманне статусу ўцекача звярнуліся 48 грамадзян нашай краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі