Полацкія ўлады сарвалі экалагічны форум

Літаральна за два дні да форуму чыноўнікі адмовілі арганізатарам у памяшканні для правядзення мерапрыемства. Таксама ўзніклі тэхнічныя праблемы ў гатэлі.





Па словах арганізатараў, яшчэ на пачатку траўня яны падалі ў Полацкі райвыканкам на ўзгадненне неабходныя дакументы. Быў забраніраваны гатэль для пражывання і харчавання, памяшканне гарадской бібліятэкі для правядзення мерапрыемстваў Форуму. Для ўдзелу ў Форуме зарэгістравалася каля 100 удзельнікаў: прадстаўнікі беларускіх экалагічных арганізацый, шэраг замежных гасцей, экспертаў і СМІ.





Аднак 26 чэрвеня аргкамітэту паведамілі, што ў гатэлі прарвала каналізацыю і мясцовая санэпідстанцыя зачыніла рэстаран, прызначаны для харчавання ўдзельнікаў.





Таксама адміністрацыя бібліятэкі заявіла, што не можа даць памяшканне без пісьмовага ўзгаднення з Полацкага райвыканкама. А мясцовыя чыноўнікі за амаль два месяцы так і не выдалі такое ўзгадненне, нягледзячы на два звароты аргкамітэта і папярэднюю вусную згоду на правядзенне.





Форум праходзіць раз на два гады і з'яўляецца адной з найважнейшых падзей у грамадскім экалагічным руху Беларусі.





Фота — photobymy.beon.ru