Вы тут

Полацкага доктара асудзілі за перапост артыкула пра сям'ю Тарайкоўскага

Суд над Віталём Савіцкім / viciebskspring.org

15 верасня суд Полацкага раёна і горада Полацка асудзіў на сем сутак доктара-псіхіятра Полацкай абласной псіхіятрычнай лякарні Віталя Савіцкага, піша сайт "Віцебская Вясна".

Нагодай стаў перапост артыкула ў сацсетцы "Вконтакте". Савіцкі зрабіў перапост 16 чэрвеня ў групе "Плошча", якую прызналі экстрэмісцкай. У артыкуле распавядалася, як жыве сям'я Аляксандра Тарайкоўскага, забітага ў Мінску ў жніўні 2020 года.

Доктара выклікалі ў РАУС і затрымалі 14 верасня. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць (арт. 19.11 КаАП). 

На судзе Савіцкі не прызнаў сваёй віны. Ён падкрэсліў, што ў тэксце артыкула не было ніякіх заклікаў да гвалту ці "экстрэмісцкай дзейнасці". Па словах доктара, ён не ведаў, што група "Плошча" лічыцца "экстрэмісцкай". На гэта суддзя Віктар Баліка сказаў, што доктар-псіхіятр "павінен быў разумець істотную пагрозу бяспецы ад перапосту экстрэмісцкіх матэрыялаў". 

Пасля таго, як Савіцкага асудзілі на сем сутак арышту, ён у зале суда абвясціў галадоўку. Так ён пратэстуе супраць несправядлівага прысуду. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.