"Плюс невялічкая маржа". Чаму тавары з IKEA каштуюць у Беларусі так дорага

У Беларусі працуе шмат сайтаў, праз якія можна набыць мэблю і іншыя тавары з IKEA. Выбар на іх не горшы, чым на ikea.com. Але цэны нашмат вышэйшыя!

"Калі якая-небудзь дробязь — нацэнка можа і 30% быць"

На сайце aikea.by розніцу тлумачаць транспартнымі выдаткамі. Маўляў, тавар дастаўляецца з Масквы, а гэта 1500 кіламетраў туды-назад. "Плюс невялічкая маржа".

У яшчэ адной інтэрнэт-краме — ikeacity.by — механіку цэнаўтварэння раскрываюць больш шчыра:

"Канкрэтнага адсотку няма. Розныя пазіцыі мы прывозім пад розныя працэнты. Чым даражэйшы тавар — тым меншая ідзе нацэнка. Калі гэта кухня — дык нацэнка будзе ўсяго 7-8%. А калі дробязь — лапатачка якая-небудзь — дык можа і 30% быць. Але ў параўнанні з іншымі... Людзі і 50%, і 100% могуць нацэнкі зрабіць!"

Сабекошт дастаўкі з IKEA складае 8% ад кошту тавару

Гэта праўда. На крэсла, якое ў маскоўскай IKEA каштуе $300, у Беларусі можа быць выстаўлены цэннік у $900. Але гэта, хутчэй, выключэнне. Часцей маржа перавозчыкаў трымаецца ў межах 15% ад кошту тавару. Мы зрабілі выпадковую выбарку, каб параўнаць маскоўскія цэны з мінскімі:

Андрэй Волкаў, які дзеля таго, каб вазіць у Беларусь ікееўскую мэблю, кінуў працу ў буйным міжнародным аўдытарскім агенцтве Ernst&Young, кажа, што "беларускія" цэны на IKEA не тое каб дазваляюць прадпрымальнікам жыраваць. Трэба заўжды мець на ўвазе сабекошт дастаўкі, які звычайна складае 8% ад кошту тавару.

 

Андрэй Волкаў. Фота з Facebook

У дастаўку ўваходзіць камплектацыя тавару ў ікееўскай краме за межамі Беларусі, выдаткі на перавозку ў Мінск і сартаванне дэталяў на месцы. Узімку тавар не будзеш раскладаць проста на дварэ — трэба арандаваць памяшканне. Да таго ж кожны прадпрымальнік павінен заплаціць як мінімум 3% падаткаў у Беларусі. Атрымліваецца, проста па дарозе ў Мінск з Масквы ці Санкт-Пецярбурга ікееўская мэбля расце ў цане як мінімум на 11%.

"Ёсць адзін спосаб трымаць цэны нізкімі — аформіць усё, быццам бы ў цябе ёсць дробная вытворчасць мэблі, — працягвае Андрэй Волкаў. — Так можна унікнуць ПДВ, які налічваецца на тавары ў Мытным саюзе. "У лоб" прывезці ўсё дробнае па адной рэчы, а пасля "прадаваць" некалькі разоў".

"IKEA ідзе туды, дзе ёсць добры рынак, а не туды, куды загадаюць ісці дыпламаты"

Атрымліваецца, большая частка мэблі IKEA, якую можна набыць у Беларусі, так бы мовіць, шэрая. Пры гэтым, нягледзячы на высокія цэны, шведская мэбля карыстаецца ў Беларусі шалёным попытам. Чаму б тады кампаніі не адкрыць сваю краму хаця б у Мінску? Прыйшоў жа ў Беларусь іншы скандынаўскі рытэйлер — Jysk! Пра гэта мы запыталіся ў амбасадаркі Швецыі ў Беларусі Крысціны Юханэсан:

"Кампаніі ідуць туды, дзе яны могуць зарабіць грошы, дзе ёсць добры рынак, дзе ўмовы для іх зразумелыя, а правілы гульні празрыстыя, а не туды, куды ім загадаюць ісці дыпламаты. IKEA, як мы ведаем, ёсць пад Вільняй. Думаю, яны разумеюць, што адтуль "накрываюць" вялікі рэгіён. Больш тут і сказаць няма чаго".

 

Вось так. IKEA папросту не трэба адкрываць краму ў Беларусі? І праўда, навошта прыдумляць, як працаваць у складаных і незразумелых умовах беларускага заканадаўства, калі беларусы і так купляюць ікееўскую мэблю? Няхай і з пераплатай, няхай і не самым зручным для сябе чынам — але купляюць! І пакуль сітуацыя такая, крама IKEA у Беларусі не адкрыецца. А каб паставіць у доме што-небудзь са славутай на ўвесь свет скандынаўскай мэблі, беларусы будуць карміць перавозчыкаў.

6 фактаў пра тое, як прывезці мэблю IKEA ў Беларусь 

ад Андрэя Волкава

Калі IKEA вязе нейкія тавары з Еўропы ў Расію, яна зыходзіць з курса ў 100 расійскіх рублёў за 1 еўра. Часам глядзіш: у літоўскай IKEA тавар каштуе 59,99 еўра, а ў расійскай той жа тавар — 5999 рублёў.

IKEA не прадае тавары з "нулявым" падаткам на дададзеную вартасць. Чаму? У IKEA адказваюць: "І так бяруць!".

Асартымент IKEA падобны па ўсім свеце, і гэта вельмі зручна. Але кожны рынак мае свае асаблівасці. Напрыклад, у шведскіх IKEA амаль няма вялікіх кніжных паліцаў і шафаў, бо ў іх культуры няма такога, каб захоўваць дома шмат кніг.

"Цяжкае" набывайце ў Расіі, "лёгкае" — у Еўропе. Напрыклад, вам падабаецца канапа, якая каштуе $1000. Яна складаецца з цяжкага каркаса і лёгкага чахла. Каркас трэба везці з Расіі, а чахол, які будзе важыць нашмат менш за дазволеныя заканадаўствам ЕАЭС 35 кг, — з Літвы.

11 фабрык у Беларусі вырабляюць тавары для IKEA, ад маленькіх да вялікіх. Гэтыя рэчы раз'язджаюцца па ўсёй Еўропе, але набыць іх тут нельга.

Зніжкі ў IKEA ёсць заўсёды. У Маскве кожная з трох ікееўскіх крамаў скідвае цэны на тавары, якія слаба прадаюцца, і на тое, што выходзіць з калекцыі. Другі тып зніжак — карты IKEA Family. Робіцца так: адны зніжкі стартуюць у пачатку месяца, другія — у сярэдзіне.