Вы тут

Пісьменнік Саша Філіпенка: "З Беларусі з’язджаюць людзі, якія ўжо не вернуцца"

Саша Філіпенка / Еўрарадыё

Масавая міграцыя беларусаў з краіны — гэта сапраўдная гуманітарная катастрофа.

І нас чакае вельмі цяжкае аднаўленне на працягу многіх гадоў, лічыць беларускі пісьменнік Саша Філіпенка.

"Ілюзій няма: напэўна, сотні тысяч беларусаў пакінулі краіну. У нас няма магчымасці падлічыць, колькі людзей выехала ў Літву, Польшчу, Украіну і Расію. Едуць усе, хто можа з'ехаць. Не варта забываць, што з краіны таксама з’язджаюць людзі, якія ўжо не вернуцца. Добра, калі вернецца палова: людзі абрастаюць працай, сем'ямі, дзеці пачынаюць хадзіць у школу. Вынік гэтага пачне выяўляцца праз некалькі месяцаў, і гэта будзе вельмі сумна".

На думку літаратара, самае важнае, што адбылося за мінулы год у Беларусі, — гэта тое, што людзі сапраўды адчулі салідарнасць і супольнасць.

"Асабіста для мяне адным з самых важных вынікаў гэтага года сталі дамавыя чаты — калі людзі самаарганізаваліся і дапамагалі адно аднаму, калі яны не чакалі нейкага чалавека, які прыйдзе і раскажа ім, што трэба рабіць. Людзі па ранейшаму дапамагаюць адно аднаму, проста змяніўся фармат гэтай дапамогі.

Цяпер нават няма неабходнасці выходзіць на масавыя акцыі, таму што пратэст вісіць у паветры. Дзяржава пастаянна спрабуе расказаць, што ўсё добра — пратэстаў няма. Аднак з гэтым яны не спраўляюцца: мы бачым, як сілавікі цяпер прайшліся па дамах, спрабуючы заглушыць актыўнасць перад 9 жніўня".

Але што з тымі беларусамі, якія засталіся ў краіне? Ці змогуць яны жыць побач з "катамі", якія ўчынялі рэпрэсіі?

"Нам давядзецца жыць разам з катамі і людзьмі, якія дапамагалі катам. Ужо цяпер трэба гаварыць пра гэта. Дзяржава цяпер развязвае наогул іншыя пытанні — тактычныя: як застацца ва ўладзе. Яны не думаюць стратэгічна. Не павінна быць ілюзій, што ўсе людзі, якія былі датычныя да катаванняў ці проста ціску на грамадзянскую супольнасць, не будуць жыць побач з намі — не, будуць. Іншая рэч, што гэтым людзям не пазайздросціш: яны будуць усяляк хаваць сваё мінулае".

У якасці прыкладу Філіпенка прыводзіць незайздросны лёс літоўскіх міліцыянераў, якія душылі антысавецкія пратэсты перад выхадам Літвы з СССР у 1990 годзе: "Яны або співаліся, або спрабавалі з'ехаць, бо разумелі: ім няма месца ў будучым грамадстве".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.