Вы тут

Пісьменніца Пастэрнак склала петыцыю за адмену выпускных іспытаў у школе

Яўгенія Пастэрнак / Еўрарадыё

Пісьменніца Яўгенія Пастэрнак, маці дзевяцікласніцы, выступіла з адкрытым лістом да Міністэрства адукацыі. 

Яна вінаваціць ведамства за бяздзейнасць падчас эпідэміі каранавіруса: "Мне вельмі шкада, што пад дзеяннем каранавіруса замест вас у прасторы ўтварылася чорная дзірка. Ніводнага своечасова прынятага рашэння. Абсалютная бездапаможнасць. Усе нашы суседзі перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Беларусь — адзіная краіна, якая гэтага не зрабіла, але не таму, што так лепш ці так больш правільна. Гэта адбылося таму, што міністэрства не змагло нічога зрабіць"

Пастэрнак лічыць, што Мінадукацыі займаецца прыпіскамі, калі рапартуе, што ў школы ходзяць каля 40% вучняў. "Вы колькі заўгодна можаце рапартаваць аб тым, што ў школах знаходзіцца сорак адсоткаў вучняў, але ж бацькі не ідыёты. У нас ёсць знаёмыя і сябры, і дзеці вучацца ў розных школах. 
І немагчыма схаваць рэальнае становішча спраў, нават калі вельмі моцна маўчаць. Таму што, калі дзесяць настаўнікаў з адной школы ляжаць у шпіталі з запаленнем лёгкіх, пра гэта немінуча даведаюцца ўсе бацькі. І бацькі ведаюць. Яны ведаюць, колькі насамрэч дзяцей інфікавана, ведаюць, у якіх класах, ведаюць, колькі рэальна настаўнікаў хварэюць, ведаюць, хто кантакты першага ўзроўню. І ведаюць, што часта дзеці і падлеткі пераносяць COVID19 бессімптомна. Бацькі хварэюць, у дзіцяці станоўчы тэст, але ніякіх праяваў няма"
, — канстатуе яна. 

Школьныя іспыты ва ўмовах эпідэміі каранавіруса, на думку пісьменніцы, пагражаюць пашырэннем захворвальнасці. 

Яўгенія Пастэрнак і рэпетытар Яўген Лівянт звяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі з чатырма прапановамі:

1. адмяніць выпускныя іспыты для школьнікаў 9-х і 11-х класаў;

2. адкласці даты ўступных іспытаў і правесці іх не раней чым 1 жніўня 2020 года. Ва ўсялякім разе, не праводзіць іспыты, пакуль Беларусь не пройдзе пік заражэння каранавірусам; 

3. арганізаваць у школах, гімназіях і ліцэях перад пачаткам наступнага навучальнага года вочныя або дыстанцыйныя заняткі. На гэтых занятках вучні змаглі вывучыць або паўтарыць матэрыял за чацвёртую чвэрць гэтага навучальнага года; 

4. ініцыяваць тэрміновыя змены ў заканадаўства, каб узаконіць дыстанцыйныя заняткі і іспыты. 

Як паведамляла Еўрарадыё, Мінадукацыі прызначыла сёлетнія выпускныя іспыты з 1 па 9 чэрвеня. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.