Вы тут

Пінскі лекар стаў дэлегатам Усебеларускага сходу без сваёй згоды

Мікалай Целяціцкі / сацсеткі

Пінскі лекар Мікалай Целяціцкі стаў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, а потым у сацсетках пракаментаваў гэтае вылучэнне.

Спіс дэлегатаў ад Пінска апублікаваў партал "Медиа-Полесье". У сацсетках пачалося палеміка. Медык у каментарах напісаў, што яго вылучыў Савет дэпутатаў.

"Майго меркавання ніхто не пытаўся. У цяперашні час я звычайны радавы лекар — дзіцячы хірург, якім з'яўляюся больш за 20 гадоў, тысячы аперацый, дапамагаю дзецям і дарослым, усім, хто ў гэтым мае патрэбу, звяртаецца па дапамогу. У 2013 годзе абараніў дысертацыю кандыдата медыцынскіх навук. Свае веды ўжываю на практыцы ў сваім родным горадзе Пінску, дзе і нарадзіўся, які вельмі люблю, і ганаруся гэтым", — перадае словы Целяціцкага партал TUT.by.

Доктар дадае, што палітыкай не займаецца.

"Ёсць палітыкі, дыпламаты, эканамісты... Людзі, якія гэтаму вучацца, працуюць, з рознымі варыянтамі поглядаў. Галоўнае, каб яны былі прафесіяналамі, людзьмі і думалі, як дапамагчы звычайным людзям, выконваючы закон", — піша ён. 

Целяціцкі дадае, што на сёння самае важнае — захаваць здароўе і жыццё падчас пандэміі COVID-19.

Дарэчы, раней Павел Латушка анансаваў, што дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу могуць уключыць у "чорны спіс" Еўрасаюза. Целяціцкі з гэтай нагоды не пераймаецца. "А пусцяць у Шэнген ці не — гэта іншае пытанне. Галоўнае — заставацца чалавекам. Ёсць Беларусь, Расійская Федэрацыя, Украіна і іншыя краіны. А наконт прапанаванага выступу на УНС — адмовіўся", — піша доктар.

Усебеларускі народны сход запланаваны на 11-12 лютага. Прайсці ён павінен у Мінску. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных асоб — 2700 чалавек. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.