"Петля пристрастия" будзе адукоўвацца ў сне

Мінскі гурт "Петля пристрастия" плануе выдаць новы альбом ужо ў лістападзе.
Праца над дыскам вядзецца на мінскай студыі Mapletree і ўжо запісана прыкладна 70% матэрыялу. Як распавёў гітарыст калектыву Іван Фелішчаў, 11 трэкаў, якія трапяць на дыск, будуць радыкальна адрознівацца ад дэбютнай кружэлкі гурта.

Іван Фелішчаў: "Зусім іншы склад гурта зараз. Са старога складу засталіся два чалавекі: Ілля - вакаліст і басіст. А таму і музыка іншая, і настрой альбома іншы. Трызненне вар'ята, карацей".

Альбом плануецца назваць "Гипнопедия", але Іван адразу адзначыў, што ў назве няма ніякіх "педыкаў", маўляў, гэтае слова азначае методыку навучання падчас сну. Таксама ў лістападзе музыкі збіраюцца рушыць у тур па Расіі, які будзе цягнуцца прыкладна два тыдні і ахопіць каля дзесяці гарадоў.

Іван Фелішчаў: "Зараз тур рыхтуецца, я забіваю даты. А гарады самыя розныя: Масква, Піцер, Тамбоў, Ліпецк, Бранск, Варонеж, Уладзімір, магчыма нават паедзем на поўдзень Расіі ў Наварасійск, Растоў-на-Доне".

Што ж тычыцца тура па Беларусі, то музыкаў гэта ідэя не цікавіць, бо яны ў гэтым не бачаць перспектывы. Але ад прэзентацыі альбома ў Мінску не адмаўляюцца, праўда, калі яна будзе пакуль невядома.

Фота: diary.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі