Петэр Хандке. Што вядома пра новага лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Петэр Хандке / Reuters
Петэр Хандке / Reuters

Нобелеўскую прэмію па літаратуры за 2019 год атрымаў 76-гадовы Петэр Хандке. Ён аўстрыйскі пісьменнік і драматург. У 1995-м стаў лаўрэатам прэміі памяці Шылера. Яго самыя вядомыя творы — п'еса "Абраза публікі", апублікаваная ў 1966 годзе, і раман "Страх варатара перад 11-метровым", выдадзены ў 1970 годзе.

Еўрарадыё распытала пра новага нобелеўскага лаўрэата кандыдатку філалагічных навук Еву Лявонаву, дацэнта і прафесара кафедры замежнай літаратуры БДУ, якая займалася даследаваннем творчасці Петэра Хандке. Пад яе аўтарствам выйшлі такія артыкулы, як "Мова і соцыум у ранняй драматургіі Петэра Хандке" і "Семантыка іншанацыянальнага ў творчасці П. Хандке і сусветная літаратурная традыцыя".

"Гэта проста маё свята"

"Гэта проста маё свята. Гэта зусім чаканая постаць. Яшчэ калі Эльфрыда Елінэк, яго суайчынніца, атрымала Нобелеўскую прэмію [у 2004 годзе. — Еўрарадыё], то яе першым пытаннем, наколькі я ведаю, было: "Чаму не Петэр Хандке?".

У 1996 годзе, пасля публікацыі дарожных нататак пад назвай "Зімовая паездка па Дунаі, Саве, Мараве і Дрыне, або Справядлівасць для Сербіі", дзе Хандке паказваў і апісваў падзеі інакш, чым гэта рабілі многія журналісты, зусім іншай лексікай, вакол яго постаці пачаліся бязлітасныя спрэчкі, абрынуўся шквал крытыкі. Таксама адной з прычын рэзкай рэакцыі было тое, што Хандке паказаў Сербію сярод ахвяр у чарадзе югаслаўскіх войнаў. У той жа кнізе ён таксама крытыкаваў заходнія СМІ за тое, што яны сказілі прычыны і наступствы вайны ў былой Югаславіі.

"Стаўленне да яго на Захадзе неадназначнае. Справа ў тым, што ён заўсёды выступаў у палітычным сэнсе на баку славянскіх народаў. Напрыклад, падчас падзей у той жа Югаславіі, — заўважае Ева Лявонава. — І многія еўрапейскія дзяржавы, не народы, зразумела, а зусім іншыя інстанцыі, гэтага яму не маглі дараваць. Але калі сёння я даведалася пра Петэра Хандке, я пераканалася, што не такая ўжо "кухня нобелеўская" залежная ад палітычных рашэнняў".

Складаны пратэставы мастак і ўплыў Вітгенштэйна

"Раман "Кароткі ліст перад доўгім развітаннем" пераканаўча паказвае, наколькі важныя былі філасофска-эстэтычныя функцыі іншанацыянальнага і шматстайныя формы яго праламлення ўжо ў ранняй творчасці класіка сучаснай аўстрыйскай літаратуры. У семантыцы ж іншанацыянальнага, пры ўсёй яе шыраце, пераважаюць два сэнсы: па-першае, суадносна з іншанацыянальным вопытам жыцця, чужым менталітэтам інтэнсіфікуецца працэс індывідуальнай самаідэнтыфікацыі; па-другое, нацыянальная (аўстрыйская) літаратура арганічна інтэгруецца ў сусветнае мастацтва слова", — піша Ева Лявонава ў артыкуле пра творчасць Ханке.

"Ён пратэставы мастак. Не толькі ў сацыяльна-палітычных сэнсах, а наогул ва ўсіх адносінах: у эстэтычных, філасофскіх, літаратурных. Мастак, які працуе ў літаратуры ўжо 60 гадоў, працуе ў розных жанрах. Ён і драматург, і эсэіст, і публіцыст, і раманіст, і паэт, і апавядальнік, і сцэнарыст. І рэжысёр, — працягвае Ева Лявонава. — Яго творы экранізавалі не толькі іншыя рэжысёры, у тым ліку знакамітыя галівудскія рэжысёры, але і ён сам прыклаў руку да кінематаграфічнага ўвасаблення сваіх твораў. Цалкам унікальныя карціны.

Адзін з маіх любімых — "Неба над Берлінам" [фільм зняты сумесна з вядомым нямецкім рэжысёрам Вімам Вэндэрсам. — Еўрарадыё]. Калі не глядзелі, то вельмі раю паглядзець. Хоць для яго прагляду трэба цярпенне і нейкая эстэтычная платформа, нейкая дастатковая шырыня ведаў пра творчасць Хандке, таму што твор складаны і філасофскі. Як, зрэшты, і большасць твораў гэтага пісьменніка".

Пра нобелеўскую фармулёўку

Петэр Хандке быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй па літаратуры за 2019 год з фармулёўкай "за важную працу, якая з лінгвістычнай геніяльнасцю даследавала межы і асаблівасці чалавечага існавання".

Ева Лявонава лічыць гэта вельмі дакладнай фармулёўкай: "Бо нобелеўскія фармулёўкі не заўсёды перадаюць сэнс творчасці таго ці іншага аўтара. Хандке на працягу ўсяго свайго творчага шляху знаходзіўся і знаходзіцца пад наймацнейшым уплывам Людвіга Вітгенштэйна. Гэта знакаміты аўстрыйскі філосаф, аўтар філасофіі мовы, які лічыў, што стан мовы мае прамым сваім вынікам стан грамадства.

Усе творы Петэра Хандке падпарадкаваны гэтаму прынцыпу. Хоць у першую чаргу яго раманы і драматургічныя творы. Эксперымент з мовай — гэта абавязковы складнік усіх яго твораў".

Пра пераклады

У адрозненне ад Вольгі Такарчук, чые кнігі ў апошні час перакладаліся як на рускую, так і на беларускую мову, тэксты Петэра Хандке не так моцна цікавыя выдаўцам:

"Перакладаў яго тэкстаў на беларускую і рускую мовы вельмі мала. Цяпер я думаю, што мы можам чакаць значна больш шырокага знаёмства з гэтым аўтарам, — лічыць Ева Лявонава. — Калі я пісала для расійскай акадэмічнай гісторыі аўстрыйскай літаратуры ХХ стагоддзя раздзел пра Петэра Хандке, то вымушана была карыстацца арыгінальнымі выданнямі на нямецкай мове. Думаю, што зараз з'явіцца значна больш выданняў на рускай і беларускай. Я ўпэўненая, што яны будуць, улічваючы, што ў Беларусі цяпер стала выдавацца Нобелеўская серыя".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі