Вы тут

Першы ЛГБТ-прайд у Грузіі: патрабаванне адстаўкі кіраўніка МУС і пагроза

ЛГБТ-прайд у Тбілісі / Радыё Свабода

Ці сапраўды ў Тбілісі прайшоў "марш годнасці"?

Першы ЛГБТ-прайд у Тбілісі ўсё-ткі адбыўся: увечары 8 ліпеня два дзясяткі чалавек правялі кароткае шэсце перад будынкам грузінскага МУС. Акцыя ЛГБТ-актывістаў і іх прыхільнікаў доўжылася каля паўгадзіны.

"Так, "Марш годнасці" адбыўся — бо мы не саступілі грамадскую прастору [ультраправым групоўкам]. Нягледзячы на тое, што мы не змаглі выйсці ў той колькасці, якая была запланавана першапачаткова, гэта ўсё роўна вельмі важна", — сказаў Гіоргі Табагары, адзін з арганізатараў Tbilisi Pride.

Чаму ніхто не ведаў пра дакладныя месца і час?

"Марш годнасці" павінен быў прайсці яшчэ 22 чэрвеня, але некалькі разоў адкладваўся з-за маштабных палітычных акцый пратэсту, якія ахапілі грузінскае грамадства. Пра тое, што прайд адбудзецца ў панядзелак, стала вядома напярэдадні. Але нават пасля гэтага распаўсюджвалася інфармацыя пра яго зрыў; арганізатары з меркаванняў бяспекі да апошняга моманту не раскрывалі дакладныя час і месца правядзення мерапрыемства. 

ЛГБТ-прайд у Тбілісі / Радыё Свабода

Чаму на маршы гучалі палітычныя патрабаванні?

Удзельнікі марша паўтарылі патрабаванне, якое ўжо два тыдні гучыць на акцыях пратэсту ў Тбілісі: кіраўнік МУС Грузіі Гіоргі Гахарыя павінен сысці ў адстаўку.

"Мы прыйшлі да будынка МУС ад імя "Тбілісі-прайда", таму што лічым, што сёння гэта галоўнае месца для пратэсту. Сёння тут мы патрабуем адстаўкі Гіоргія Гахарыя, патрабуем, каб сістэма МУС перастала караць людзей, ажыццяўляць гвалт над мірнымі грамадзянамі і наносіць ім калецтва. МУС павінна спыніць супрацоўніцтва з гвалтоўнымі і фашысцкімі групамі ", — аб'явіла Марыям Кварацхелія, адна з удзельніц марша.

 

Чым у гэты час займаліся апаненты ЛГБТ?

Марш праходзіў на фоне выступаў ультранацыяналістычных груповак, падтрыманых часткай духавенства. Лідарам ультранацыяналістаў лічыцца адыёзны грузінскі бізнэсмэн Леван Васадзэ, які рэгулярна дазваляе сабе заклікі да гвалту. Ультранацыяналісты не ведалі, дзе менавіта пройдзе ЛГБТ-мерапрыемства, і зладзілі мітынг у цэнтры Тбілісі, паабяцаўшы знайсці ЛГБТ-актывістаў і сарваць іх мерапрыемства.

Прадстаўнікі Тбіліскага прайда абвінавачваюць арганізатараў контракцыі у фашызме і лічаць, што паліцыя ім патурае.

 

Акцыя праціўнікаў ЛГБТ-прайда перад будынкам парламента / JAMnews

Удзельнікі акцыі ўльтранацыяналістаў дэманстратыўна спалілі вясёлкавы сцяг ЛГБТ-супольнасці і запатрабавалі ў грузінскіх улад адмяніць прыняты некалькі гадоў таму антыдыскрымінацыйны закон, які закліканы змагацца з дыскрымінацыяй, у тым ліку і па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі. На гэтай жа акцыі прадстаўнікі духавенства некалькі разоў памаліліся за тое, каб у Грузіі жылі толькі гетэрасексуальныя людзі.

    

Гэта першы ЛГБТ-прайд у Грузіі?

У мінулым прадстаўнікі ЛГБТ-руху ўжо спрабавалі арганізаваць іншыя, менш амбіцыйныя мерапрыемствы. Яны традыцыйна выклікалі пратэст кансерватыўнай часткі грамадства і часта заканчваліся гвалтам.

Актывісты планавалі мерапрыемствы, прымеркаваныя да тыдня прайда ў Тбілісі, на працягу васьмі месяцаў. У прыватнасці, яны вялі актыўны дыялог з МУС Грузіі, спрабуючы дамагчыся гарантый бяспекі для ўдзельнікаў марша. Праваахоўнікі ім такіх гарантый не далі.

"Учора МУС [зноў] адмовіла нам у транспарціроўцы і ў абароне. Яны аддалі нас агрэсіўным групам", — сказаў Табагары.