Перад самагубствам 20-гадовага кантрактніка пазбавілі сяржанцкага звання

Перад самагубствам 20-гадовага кантрактніка пазбавілі сяржанцкага звання

20-гадовы кантрактнік Фёдар Бунас, які 1 ліпеня скончыў жыццё самагубствам, перад тым быў асуджаны за дзедаўшчыну і пазбаўлены звання “старшы сяржант”. Пра гэта ў адказ на запыт Еўрарадыё распавяла прэс-служба Вярхоўнага суда.

Фёдара Бунаса прызналі вінаватым па частках 1 і 2 артыкула 455 Крымінальнага кодэкса — “Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады ці бяздзеянне ўлады”. 5 чэрвеня суд Барысаўскага раёна пакараў яго 4-ма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Бунасу на 5 гадоў забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Хлопец быў пазбаўлены воінскага звання “старшы сяржант”.

Перад самагубствам 20-гадовага кантрактніка пазбавілі сяржанцкага звання

Каментуючы смерць Фёдара Бунаса, Міністэрства абароны заявіла, што прычыны самагубства палягаюць у сферы асабістых адносінаў і ніяк не звязаныя з са службай у войску. Была выказаная версія, што звесці рахункі з жыццём хлопца падштурхнула расстанне з дзяўчынай. Аднак тая распавяла “Нашай Ніве”, што сваркі не было: маўляў, яны “проста выказалі прэтэнзіі адно да аднаго”. “Раніцай чалавек смяяўся, а ўвечары яго не стала… У чым прычына — я не разумею. Учора нічога страшнага не здарылася, што магло да гэтага прывесці. І я шчыра не разумею, чаму ўсё так. Можа, накіпела гэта ўсё. Я не ведаю”, — кажа дзяўчына.

З 5 чэрвеня, калі быў вынесены прысуд, па 1 ліпеня, калі Бунас здзейсніў самагубства, прайшло 26 дзён. Хлопец не абскарджваў прысуд, 18 чэрвеня ён набыў моц. Кіраўнік прэс-службы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў у каментары TUT.BY распавядаў, што выпіска з рашэння суда прыйшла ў гродзенскі гарнізон, дзе служыў Бунас, толькі 2 ліпеня — на наступны дзень пасля самагубства.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі