Пенсія шахцёра 800 тысяч, а міністра — 1 мільён 200 тысяч

Чыноўнікі ўстурбаваліся, каб шахцёры не зараблялі больш за іх. “Пенсія не павінна ўспрымацца як датацыя ці льгота, гэта асноўная крыніца прыбытку пенсіянераў. Таму атрымліваць пенсію павінны тыя, каму яна насамрэч патрэбная”,- так на мінулым тыдні заявіў начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Алег Праляскоўскі, які спецыяльна прыехаў у Салігорск, каб суцішыць шахцёраў-страйкоўцаў. Урад плануе забараніць пасля выхаду на пенсію працаваць на шкодных прадпрыемствах.

Як гаворыць старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, такія змены ў пенсійным заканадаўстве памяншаюць даходы пенсіянера-шахцёра ў пяць разоў.

Аляксандр Ярашук: Шахцёры не ворагі самі сабе, што хочуць працягваць працаваць пасля выхаду на пенсію. Справа ў тым, што заробак шахцёра даволі высокі: у забойнай групе ён дасягае 3 мільёнаў беларускіх рублёў, а сярэдні заробак – 1,5 мільёна. Парадокс сітуацыі і беларускай эканомікі палягае ў тым, што пасля выхаду на пенсію гэтыя людзі адразу ж становяцца жабракамі: пенсія гарнякоў складае 20% ад заробку.

Еўрарадыё вырашыла дазнацца, колькі зараз плацяць за работу ў шахце, але размова з намеснікам старшыні прафсаюза гарнякоў Іванам Пермінавым, нагадвала дзіцячую гульню ў хованкі: лічбу ён не называў, але пасля таго, як з майго боку прагучала "3 мільёны", ён адказаў:

У прынцыпе, дзесьці так яно і ёсць, але можа быць вышэй, а можа - і ніжэй.

На афіцыйным сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны змешчаны статыстычныя паказчыкі заработнай платы за верасень. Пры стажы падземнай работы не менш за 10 гадоў у мужчын і 7,5 гадоў у жанчын пенсія складае 624.570 беларускіх рублёў, а пры стажы не менш 20-25 гадоў – 758.940 рублёў. Такім чынам, даход у 3 мільёны 800 тысяч (менавіта столькі зарабляюць шахцёры-пенсіянеры) падаўся прадстаўнікам улады даволі высокай лічбай. Тым больш, што пенсія тых жа працуючых чыноўнікаў у два разы менш – 355.830.

Па словах былога старшыні Нацбанка Станіслава Багданкевіча, выключэнне складаюць высокапастаўленыя чыноўнікі: іх пенсія звыш 1 мільёна.

Станіслаў Багданкевіч: Улічваючы, што я дзяржаўны чыноўнік, у адрозненне ад прастога пенсіянера, таму мне і плацяць болей. Чыстымі выходзіць недзе мільён, але яшчэ крышачку даплочвае Нацбанк – і выходзіць 1 мільён 200 тысяч.

Былы спікер парламенту Мечыслаў Грыб не ўтойваў сваю пенсію – гэта мільён “з хвосцікам”. Але ён яшчэ і генерал міліцыі.

Мечыслаў Грыб: Пенсія для ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў МНС, КДБ, МУС складаецца з выслугі гадоў, і яна не можа перавышаць 75% ад заробку. У генералаў пенсія звыш аднаго мільёна, у капітана – каля мільёна, недзе 800-900 тысяч.

Такім чынам, пенсія шахцёра менш за пенсію высокапастаўленага чыноўніка на 500 тысяч і роўная з пенсія міліцыянера. Аляксандр Ярашук прапануе пераняць вопыт замежных краін, каб зраўняць пенсіянераў-чыноўнікаў і шахцёраў.

Аляксандр Ярашук: Трэба ставіць задачу аб рэфармаванні пенсійнай сістэмы: неабходна, каб у нашай краіне існавала страхавая і ашчаджальная сістэмы, і будучая пенсія шахцёраў і людзей, занятых на шкодных прадпрыемствах, складала хаця б 60% ад заробку ( у развітых краінах гэта лічба значна вышэй – 75-80%).

Яшчэ адзін момант — паляпшэнне ўмоў працы. Відавочна, умовы працы чыноўнікаў і шахцёраў моцна адрозніваюцца. Але намеснік старшыні прафсаюза гарнякоў Іван Пермінаў, гаворыць, што яны не перашкаджаюць заканадаўству, таму змяняць іх у бліжэйшы час не плануецца.

Іван Пермінаў: Умовы шахты – яны заўсёды застануцца ўмовамі шахты. Ніхто ж не будзе абвяргаць, што гэта цяжкая праца. Я сам быў шахцёрам 20 гадоў, але гаварыць пра паляпшэнне ўмоў мне здаецца немэтазгодным.

Фота — firesea (CanCetin)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі