“Пазваніла ў міліцыю, паведаміла пра чалавека з абвесткі аб вышуку”

Мінчанка Дзіна 11 чэрвеня зайшла паабедаць у сталовую на Талбухіна. За адным са столікаў убачыла маладога чалавека — ён ненармальна гучна размаўляў па тэлефоне і з іншымі людзьмі, не зусім адэкватна сябе паводзіў з касіркамі. Але агрэсіі не праяўляў, таму па нумары 102 ніхто не званіў. “Я тады яшчэ падумала, вось некаму не пашанцавала з суразмоўцам — такі гучны і дзіўны”, — расказвае Дзіна Еўрарадыё.

Ужо пасля сталоўкі ў інтэрнэце яна нечакана знаходзіць абвестку аб вышуку уцекача з “Псіханеўралагічнага дома-інтэрната для пенсіянераў і інвалідаў №2” Фёдара Бабіча, у якім пазнае хлопца са сталоўкі. Бабіча шукае міліцыя, просіць паведамляць у Партызанскі РУУС.

“Я вырашыла, што трэба расказаць аб гэтым. Пазваніла ў міліцыю, у дзяжурную частку. Але там неяк млява на мяне адрэагавалі. Прыйшлося нават старэйшага па званні клікаць. А ён мае дадзеныя перапісаў, узяў нумар тэлефона і ўсё на гэтым”, — кажа Дзіна. І піша пост ў Фэйсбуку пра недавер да праваахоўнікаў: “Беражыце сябе. У міліцыі вам ні ў якім выпадку не дапамогуць. І гэта не навіна…”

Каментарый прэс-афіцэра Партызанскага РУУС Наталлі Ганусевіч

“У нас зарэгістраваны гэты званок. Ён унесены ў адмысловую кнігу — запіс я бачыла на ўласныя вочы, ён існуе. Як атрымалася даведацца, пасля званка ў сталоўку на Талбухіна выязджала машына, нашы супрацоўнікі там былі. Аднак ужо прайшоў нейкі час, яны не засталі на месцы Бабіча. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў вышуку”, — распавядаюць у РУУС.

У міліцыі таксама нагадваюць, што рэгіструюць персанальныя дадзеныя усіх, хто звяртаецца ў дзяжурную частку з паведамленнямі. Гэта неабходна ў тым ліку для таго, каб аддзячыць грамадзян за дапамогу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі