Патрысія Каас у Віцебску зайздросціць свайму сабаку

Сабаку па мянушцы Тэкіла Патрысіі Каас падарыў Клод Лелюш пасля таго, як яна скончыла здымацца у яго фільме "And now… Ladies and Gentlemen". Падарунак Патрысія выбірала сама - белую калматую "дзяўчынку"-малтыза па мянушцы Тэкіла, і з тае пары з ёю практычна неразлучная.

На "Славянскі базар у Віцебску" Мадмуазэль Блюз прыляцела ўвечары 4 ліпеня таксама з Тэкілай і першае, што зрабіла, як сыйшла з самалёта - прайшлася з сабакам па тэрыторыі віцебскага аэрапорта.

Спадарыні Каас дужа спадабалася, што над аэрапортам лунаў пах скошанага сена, Тэкіле, мяркуючы па ўсім, таксама.

Наступным днём Патрысію, зразумела, разам з Тэкілай, звазілі на адпачынак у Крупеніна, на тую самую "прэзідэнцкую" турбазу, дзе спыняецца Аляксандр Лукашэнка, калі наведвае Віцебск. На жаль, надвор'е не спрыяла.

5 ліпеня Патрысія Каас выступіла у канцэрце-прэзентацыі "Добры дзень, фестываль!", што прайшоў на сцэне Летняга Амфітэатра. Спела тры песні, у тым ліку і знакамітую "Мадмуазэль спявае блюз", сарвала авацыі, але… засталася без кветак.

Справа ў тым, што ахова Амфітэатра надзвычай пільна паставілася да бяспекі зорак, і паклоннікі з кветкамі не мелі магчымасці падыйсці да сцэны. Простае выйсце знайшоў Валеры Лявонцьеў: сам спусціўся ў залу і сабраў букеты у людзей з-за агароджы.

А мадмуазэль Патрысія так і пайшла без кветак. Але ж нічога - у райдэры спявачкі кветкі адзначаны асобным пункцікам. Мабыць, адмыслова для такіх выпадкаў?

Наступным днём (6 ліпеня) спадарыня Каас дала прэс-канферэнцыю.

Журналісты чамусці як дамовіліся нагадваць элегантнай францужанцы аб узросце: то пыталіся аб нейкіх падзеях, што адбываліся 20 год таму, то адзначалі, што менавіта 20 год споўнілася шлягеру, пасля якого Патрысію сталі называць "Мадмуазэль блюз", то прапаноўвалі спусціць дачку шахцёра Патрысію у самую глыбокую шахту Данецка…

Мадмуазэль цярпліва адказвала на пытанні, а вось Тэкіла час ад часу брахала. Асабліва не спадабалася сабаку пытанне аб тым, калі Патрысія з ёй разлучаецца.

Патрысія адказала сумленна: Тэкілу яна не бярэ з сабою толькі на сцэну ды ў ложак, калі кладзецца з мужчынам. Паводле спадарыні Каас, калі побач сабака, мужчыны "губляюць канцэнтрацыю".

Яшчэ высветлілася, што Патрысія Каас не галасавала на выбарах прэзідэнта Францыі, падчас здымак у кіно вельмі ўпадабала пацалункі Джэрэмі Айранса, мае сярод блізкіх сяброў геяў ды лесбіянак, аддае перавагу не вытанчаным французскім стравам, а бульбе ды шніцалю.

Яна не любіць праекты накшталт "Фабрыкі зорак" таму, што яны прызвычайваюць гледача да вуайерызму, мае намер выступіць дуэтам з рускім выканаўцам, але спяваць па-рускі не збіраецца, і… зайздросціць свайму сабаку.

Паводле спадарыні Каас, яна хацела б стаць такой, як Тэкіла - прыгожай, лагоднай, разумнай ды падабацца людзям так, як яе сабака.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Фота - Photo.ByMedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі