Пасля "Захаду"

Лепшыя беларускія вайскоўцы ў апошні дзень вучэнняў.
Лепшыя беларускія вайскоўцы ў апошні дзень вучэнняў.

Скажу непапулярную рэч: здаецца, вучэнні "Захад-2017" былі без падвойнага дна. Стралялі танкі, гулі самалёты, ракеты траплялі ў нябачныя цэлі, журналісты мерзлі на наглядальных пляцоўках. Гэта ўсё складана зразумець, калі сядзіш на канапе з ноўтбукам на каленях. І сапраўды здаецца, што "зялёныя чалавечкі" ужо захопліваюць пошты і тэлеграфы, а рускія ракеты паварочваюцца ў бок Лісабона. Але не.

Што да вучэнняў — яны трошкі... кардонныя. Назіральнікам абвяшчаюць: "Выяўлены верталёт агнявой падтрымкі суперніка". Або: "Пад ціскам баевікоў тэхніка адступае ромбам, што дазваляе весці агонь з усіх гармат". Насамрэч, ніякага верталёта няма. І праціўніка няма — проста бухаюць стрэлы, ты бачыш ўспышкі і ўсім целам адчуваеш рэшткі ударнай хвалі ад далёкіх выбухаў. Вось, гэта і ёсць вучэнні.

За Вайшнорыю!

Але так не цікава. Месяцы тры ў беларускім сегменце "Фэйсбука" толькі і рабілі, што лічылі вагоны з расейскімі салдатамі. Асабліва весела стала, калі Мінабароны намалявала на месцы Гродзенскай вобласці нашага ўяўнага праціўніка — Выйшнорыю. Пра "ВНР" не пажартаваў хіба што лянівы. Вось толькі жартачкі былі нервовыя — грамадскасць то ірвалася сустракаць пад Оршай расійскія танкі, то ўсур'ёз абмяркоўвала, ці варта ісці ваяваць за Аляксандра Лукашэнку, калі на яго нападзе Пуцін.

Не адставалі і суседзі Беларусі. Ва Украіне вучэнні "Захад-2017" параўналі з Траянскім канём. Але чарговага вітка ваеннай агрэсіі з Усходу не здарылася. Пільныя грамадзяне з канапаў разгадалі (і тым самым сарвалі) план Пуціна? Прабачце. Вы ж не будзеце сур'ёзна сцвярджаць, што Расію можа спыніць хайпам у "Фэйсбуку"!

Назіральнікі для галачкі

На вучэнні прыехала больш за 80 ваенных назіральнікаў. Гэтых падцягнутых людзей у камуфляжы з нашыўкамі сваіх краінаў па-добраму шкада. Сэнсу ў іх прысутнасці ў Беларусі нават менш, чым у прадстаўніках АБСЕ, якія прыязджаюць назіраць за выбарамі. Гэтыя хоць могуць зафіксаваць парушэнні на канкрэтным выбарчым участку. А тут... "Мы не бачым поўнай карціны", — прызнаецца тэлеканалу "1+1" негаваркі ўкраінскі назіральнік Уладзімір Мароз. Пытаюся, што ён думае з нагоды колькасці расейскіх вайскоўцаў, якія прыбылі на вучэнні. "А вы іх бачылі?" — адказвае ён пытаннем на пытанне.

Пры гэтым "па дакументах" усё выглядае выдатна. "Беларусь запрасіла для назірання прадстаўнікоў міжнародных арганізацый: ААН, АБСЕ, Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора, СНД, АДКБ, Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, а таксама ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных дзяржаў, акрэдытаваных пры амбасадах сваіх краін у Беларусі", — дае справаздачу БелТА. Прыгажосць!

Ад "ваенна-дыпламатычнага корпуса" былі вельмі цудоўныя людзі. Напрыклад — дакладная копія палкоўніка Кадафі (размаўляць адмовіўся) і чалавек — па выглядзе з Карэі — з чатырма генеральскімі зорачкамі на пагонах побач з ім. Ну і няхай. Хто б ні быў сярод назіральнікаў: хоць універсальныя салдаты, хоць клоўны — ні адзін з іх па выніках вучэнняў не зможа заявіць, што бачыў "ад 70 да 100 тысяч чалавек", якія "рыхтуюцца да вайны", як гэта зрабіў на днямі чэшскі генерал Пётр Павел.

Халодная вайна 2017-га

"А калі снарад у адно месца — што, дваіх адразу не стане?" — адказаў Лукашэнка, калі журналісты спыталі ў яго, чаму пад Барысаў не прыехаў Уладзімір Пуцін. Чатыры гады таму кіраўнікі Расіі і Беларусі разам назіралі за вучэннямі на палігоне пад Гродна. З тых часоў становішча ў рэгіёне змянілася да непазнавальнасці: расійскія войскі абзавяліся эпітэтамі "ветлівыя людзі" і "зялёныя чалавечкі", а ў абарончы характар ​​"Захаду-2017" не верыць ніхто на захад ад Брэста.

Ну, ці робіць выгляд, што не верыць. Расійскія войскі ля межаў НАТА — добрая нагода для гучных заяваў, якіх у апошні час прагучала нямала. Зарабляць палітычныя ачкі на страху абывацеляў проста і прыемна, і няма прынцыповай розніцы паміж "падчас вучэнняў яны нападуць на нас" і "вы ж не хочаце, каб у нас было, як ва Ўкраіне". Але калі доўга паўтараць адно і тое ж — нават калі заява папулісцкая — ёсць небяспека паверыць у свае словы.

У кожным жарце ёсць доля жарту. Але што, калі Пуцін і Лукашэнка сапраўды асцерагаюцца таго самага снарада? Атрымліваецца, што заходнія суседзі Беларусі [старанна робяць выгляд, што] баяцца вучэнняў "Захад", але неспакой прарываецца з падсвядомасці і па другі бок мяжы з Вайшнорыяй. Сітуацыя ў рэгіёне сур'ёзна напружвае ўсіх, і ніхто не адчувае сябе ў бяспецы.

Дык навошта абвастраць? Навошта гэтыя вучэнні, якія толькі падкідваюць дроў у палаючае вогнішча? А таму, што па-іншаму ўжо не атрымліваецца. Беларусь набыла квіток на "Чырвоную стралу", якая ляціць наперад на ўсіх парах, і выйсці з яе не так-то проста. Раней мы ўвесь час выбіралі, тварам павярнуцца да Захаду ці, прабачце, дупай. А цяпер Літва, Польшча і іншыя краіны NATO вызначаюць наша месца на геапалітычнай карце самі, робячы акцэнт на ваенным супрацоўніцтве Беларусі з Расіяй. І, здаецца, ужо не чакаюць ад нас нічога добрага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі