Пасля выбараў зменяцца апазіцыйныя лідэры?

Анатоль Лябедзька спадзяецца, што КПБ і БНФ свой удзел у выбарах дэпутатаў ПП скаардынуюць з рашэннем Палітрады АДС. Лявон Баршчэўскі такога развіцця падзей не выключае, але ў яго не верыць. Сяргей Вазняк кажа, што ў гэтых партыйных непаразуменнях пагрозы існаванню АДС няма. А палітолаг Віталь Сіліцкі прадказвае змену апазіцыйнага лідэрства.
10 жніўня на сходзе Партыі камуністаў Беларускай было прынята рашэнне, што сябры партыі пойдуць на выбарах у Палату прадстаўнікоў да канца. 30 жніўня Сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне зняць сваіх кандыдатаў у дэпутаты 23 верасня. Але 31 жніўня Палітрада Аб'яднаных дэмакратычных сіл адклала прыняцце рашэння аб удзеле альбо неўдзеле ў выбарах да 21 верасня, на якое прызначана чарговае паседжанне Палітрады. Еўрарадыё вырашыла даведацца, які сэнс у гэтым паседжанні, і ці не пачатак гэта канчатковага распаду Аб'яднаных дэмсіл.

Сустаршыня АДС, лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што і ПКБ, і Партыя БНФ яшчэ цалкам могуць змяніць сваю пазіцыю наконт удзелу ў парламенцкіх выбарах.

Анатоль Лябедзька: «Калі нават прымаюцца нейкія партыйныя рашэнні, тым не менш пасля дыскусіі, падчас дыскусіі, калі гаворацца аргументы «за» і «супраць», тады працуе не толькі нейкая партыйная дысцыпліна, а працуюць шалі вагаў, якія фіксуюць – якія аргументы ўсё ж больш моцныя».

Таму, кажа палітык, сэнс сустрэчы лідэраў і кандыдатаў ад АДС на Палітрадзе 21 верасня нават большы, чым падаецца на першы погляд. Ён у тым, што ад прынятага на гэтай сустрэчы рашэння будзе залежыць далейшы лёс існавання аб'яднаных сіл. А сам лідэр АГП вельмі не хоча, каб партыі разбегліся па сваіх палітычных кутах.

Анатоль Лябедзька: «Для нас захаванне АДС азначае, што мы можам адразу пачаць планамерную падрыхтоўку да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. А калі мы не захоўваем АДС, то мы вяртаемся да дэмакратычнай раздробненасці і пачынаем з нуля».

І называе тых, хто хоча пахаваць АДС як адзіную сілу.

Анатоль Лябедзька: «Гэта ў першую чаргу ўлада, і тут усё зразумела. Па-другое, частка міжнароднай супольнасці, якая б хацела паскорыць сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам, і АДС гэтаму перашкаджае. Бо калі нас няма, можна сказаць: «Ну, а з кім у Беларусі размаўляць?» Трэцяе, гэта людзі і палітычныя групы, якія па тых ці іншых прычынах выпалі з палітычнага працэсу і, як яны лічаць, павінны больш уплываць на прыняцце рашэнняў у фармаце кааліцыі».

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі не выключае, што іх пазіцыя наконт выбараў зменіцца, але толькі тэарэтычна. Надта шмат для гэтага ўладам трэба зрабіць.

Лявон Баршчэўскі: «А раптам да 21 верасня зменіцца нешта радыкальна?! Уключаць нашых людзей у камісіі, перафармуюць камісіі, зарэгіструюць кандыдатаў. Тады ўсё можа быць. Але іншая справа, што я ў гэта не веру, гэта малаверагодна».

На яго думку, тое, што пазіцыя Партыі БНФ не супадае з пазіцыямі іншых удзельнікаў АДС, ніякім чынам не азначае перадінфарктны стан апошняга.

Лявон Баршчэўскі: «Мы ўсе свае абавязацельствы выканалі – выставілі кандыдатаў, далі людзей у камісіі, правядзем агітацыйную кампанію да 23. Гэта не пярэчыць адзінству АДС. Але прымусіць удзельнічаць у апошняй стадыі, калі будуць фальсіфікавацца выбары, нас ніхто не зможа».

Ці дажыве АДС да прэзідэнцкіх выбараў, палітык прадказваць не ўзяўся. Але кажа, што выходзіць з кааліцыі партыя БНФ не збіраецца.

Лявон Баршчэўскі: «Мы будзем працаваць у АДС і далей. Наколькі гэта будзе патрэбна Беларусі».

З тым, што і камуністы, і БНФ могуць перагледзець свае рашэнні, згодны і адзін з лідэраў Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Вазняк. Кажа, гэта будзе залежаць ад ходу выбарчай кампаніі. А ў тым, што ўзнікла рознае бачанне таго, як далей ставіцца да парламенцкіх выбараў, пагрозы для існавання АДС ён не бачыць.

Сяргей Вазняк: “Значная большасць і сябраў Палітрады, і суб’ектаў Палітрады, і кандыдатаў у дэпутаты дэмакратычныя ўчора выказаліся за тое, каб ісці да канца. Прынамсі, пакуль. Таму, адзінства ёсць, хоць яно і не аднагалоснае. І я не бачу пагрозы расколу кааліцыі”.

На думку палітолага Віталя Сіліцкага, для аб’яднанняў кшталту беларускага АДС узнікненне ўнутраных непаразуменняў не дзіва. Бо ў чальцоў такога аб’яднання няма адзінства мэтаў.

Віталь Сіліцкі: “Калі ёсць адзінства мэтаў – ёсць адзінства, калі гэтага няма – пачынаецца раздрай. Мне падаецца, што сама па сабе праблема для беларускай апазіцыі ў тым, што не вызначаны першапачатковыя палітычныя мэты. З самага пачатку Віталь Сіліцкі: “Калі ёсць адзінства мэтаў – ёсць адзінства, калі гэтага няма – пачынаецца раздрай. Мне падаецца, што сама па сабе праблема для беларускай апазіцыі ў тым, што не вызначаны першапачатковыя палітычныя мэты. З самага пачатку розныя суб’екты апазіцыі па-рознаму глядзелі на гэтыя выбары. Але трэба было ў пэўных мэтах паказваць гэтае адзінства. Але калі справа дайшла да таго, што апазіцыю могуць пракінуць усе разам, то бачнасць адзінства знікла”.

Палітолаг сцвярджае, што АДС – штучна народжанае аб’яднанне. І зараз, калі пэўныя замежныя колы плануюць наладзіць дыялог з беларускай уладай, аб’яднаная кааліцыя стала ім перашкаджаць. Таму і далейшы лёс яе няпэўны.

Віталь Сіліцкі: “Частка беларускіх апазіцыйных сілаў баіцца, што іх у працэсе гэтага дыялогу элементарна пракінуць. Наколькі мне вядома, зараз ідуць перамовы, каго з апазіцыі ўключыць у склад дэпутатаў ПП. Гэта значыць, што ўлада, разам з АБСЕ, нямецкай амбасадай і г.д., прызначыць новае апазіцыйнае лідэрства. А каму такое спадабаецца?”

Выглядае на тое, што пасля 28-га верасня мы пабачым беларускую апазіцыю ў зусім іншай канфігурацыі. І не выключана, што сённяшнія паплечнікі стануць праціўнікамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі