Пасля аб'яднання дзяржгазет скароцяць прыбіральшчыц

Пастановай Саўміна ад 30 красавіка два беларускія дзяржвыданні — “Рэспубліку” і “Беларускую ніву” — павінны далучыць да “Беларусь сегодня”. Гэты працэс мусіць завяршыцца да 1 ліпеня, але ў падпісным каталогу на другое паўгоддзе падпіска на тры газеты… асобная.

На Галоўпаштамце пра нейкія аб’яднанні — ні слыхам, ні дыхам:
 
“Не, не ведаю! Калі ласка — каталог.  Мне не важна, як там, але калі ласка, “Рэспубліка” — асобным выданнем, “Советская Белоруссия” — таксама мае асобны падпісны індэкс. Калі б яны аб’ядноўваліся, як вы кажаце, яны б мелі агульны падпісны індэкс!” — падрабязна тлумачаць мне на Галоўпаштамце.
 
На развітанне супрацоўнікі пошты дадаюць, што на “Беларусь сегодня” і “Рэспубліку” падпісчыкі ёсць, але прапаноўваюць уважліва вывучыць кошты газет:
 
“Але там жа кошты кусаюцца! Зараз людзі болей на кошт глядзяць”.
 
Дарэчы, падпіска на “Рэспубліку”, “Беларусь сегодня”, “Беларускую ніву”, “Звязду” і “Народную газету” на паўгода падаражэла са 198 тысяч да 234 тысяч рублёў. 
 
У суседнім з “Галоўпаштамтам" кіёску “Белсаюздрука” дадаюць, што “Беларусь сегодня” купляе, канешне, “не моладзь”. Радзей пытаюць “Рэспубліку”, а вось “Беларускую ніву” яны не атрымліваюць, бо не набываюць яе зусім.
 
У Міністэрстве інфармацыі кажуць, што мне як падпісчыцы газеты “Рэспубліка” непакоіцца няма чаго:
 
“Яна (“Рэспубліка”. — заўв. Еўрарадыё) будзе існаваць. Яна будзе трошкі ў іншым фармаце, але для чытачоў нічога не памяняецца. Яна была асобнай — і будзе асобнай. Для чытачоў нічога не зменіцца. Адзінае, там мяняюцца пытанні па гаспадарчай частцы. Мяняецца ўладальнік”.
 
Паводле словаў прадстаўнікі Мінінфармацыі, газеты будуць аб’яднаны ў адзін выдавецкі дом — галоўнай будзе “Беларусь сегодня”, і зменяць пасведчанне. Будзе адзін штат прыбіральшчыц і выхад на самаакупнасць.
 
“Самі разумееце, мець адзін штат фінансістаў, прыбіральшчыц, адзін начальнік аддзела вёрсткі — адпаведна, адзін заробак. Каб даць магчымасць развівацца газетам. Патрабуюць, каб газета была каляровая, папера была добрай. А каб лішнія дзяржаўныя грошы вызваліць, ставіцца задача выхаду на самаакупнасць, бо ўсё роўна газетам аказваецца нейкая фінансавая дапамога. Застаюцца толькі творчыя адзінкі ў кожнай рэдакцыі”, — пры гэтым у Мінінфармацыі дадаюць, што газеты зменяцца нават знешне — атрымаюць новы дызайн!
 
Але першы намеснік рэдактара “Рэспублікі” Міхаіл Валькоўскі здзіўляецца інфармацыі пра новы дызайн газеты.
 
“Чаму ён павінен быць новым? Чакаем, што кошт будзе такім жа, тая ж тэматыка-праблематыка, той жа аб’ем і перыядычнасць выхаду газеты”, — намеснік рэдактара заўважае, што газета будзе асобнай, а падрабязнасцяў не ведае.
 
“Пастанова Саўміна ёсць, але гэты працэс будзе з 1 ліпеня”. 
 
Я здзіўляюся, бо ў пастанове Саўміна пазначана, што да 1 ліпеня ўся рэарганізацыя павінна завяршыцца.
 
“Ваша праўда, але пастанову прынялі 30 красавіка, пасля былі травеньскія святы, а пасля 9 траўня. Наколькі я разумею, да 1 ліпеня час ёсць”.
 

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі