Пасля 6,5 гадоў калоніі на волю выйшаў палітвязень Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны / svaboda.org
Міхаіл Жамчужны / svaboda.org

Палітвязень і праваабаронца Міхаіл Жамчужны, які правёў у калоніі 6,5 гадоў, выйшаў на волю. Раніцай 19 лютага яго пад канвоем пасадзілі ў прыгарадны цягнік з Горак у Оршу, паведамляе "Радыё Свабода".

Міхаіл Жамчужны — дацэнт, кандыдат тэхналагічных навук. У свой час працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце, кіраваў лабараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловай вытворчасці вадароду. Першы ў Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.  

У 2006 годзе стаў фігурантам крымінальнай справы "аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам", хоць праваабаронцы сцвярджалі, што тая справа з'явілася праз нежаданне Жамчужнага сведчыць супраць начальства. Яго асудзілі на 5 гадоў.

Пасля выхаду на волю ён заснаваў "Платформ інавэйшн" — арганізацыю, якая займалася пытаннямі парушэння правоў людзей, што знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У 2014 годзе быў затрыманы і асуджаны дырэктар "Платформ інавэйшн" Андрэй Бандарэнка, а ў 2015-м — Міхаіл Жамчужны. Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым на падставе артыкулаў 376 (ч. 1, ч. 2), 375 (ч. 1) і 431 (ч. 1, ч. 2) КК (наўмыснае выдаванне звестак, якія з'яўляюцца службовай таямніцай; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая з'яўляецца службовай таямніцай; даванне хабару) і прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Пасля касацыі, разгледжанай Вярхоўным судом, тэрмін павялічылі да 6,5 гадоў.  Праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітычным вязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі