ПАСЕ шакаваная чарговай смяротнай карай у Беларусі

ПАСЕ шакаваная чарговай смяротнай карай у Беларусі

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы выступіла з асуджэннем смяротнай кары беларуса Кірыла Казачака, асуджанага за забойства дваіх уласных дзяцей. Паводле папярэдняй інфармацыі, страта адбылася ў канцы кастрычніка 2017 года. Пра гэта праваабаронцам паведаміла маці асуджанага.

“Мы зноў рашуча выступаем супраць любога смяротнага прысуду ў Беларусі і любых стратаў, здзейсненых у гэтай краіне. Выкананне прысуду ў дачыненні Кірыла Казачака пагатоў шакуе, што яно таемна адбылося ў кастрычніку 2017 года, а сваякі асуджанага былі праінфармаваныя толькі нядаўна”, — цытуе заяву ПАСЕ TUT.by.

Заява складзеная ад імя генеральнага дакладчыка ПАСЕ аб адмене смяротнай кары Іва Кратчэна і былога дакладчыка ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.

У ПАСЕ падкрэслілі, што “смяротная кара — жорсткае і бесчалавечнае пакаранне, якое ў Еўропе болей непрымальнае”. Там зноў заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротную кару.

У студзені 2016 года ў вёсцы Нараўшчызна Мазырскага раёна мужчына задушыў дачку, а затым ударыў малатком па галаве сына. Дзяўчынцы было 9 гадоў, хлопцу — 17. Паводле версіі следства, так злачынца адпомсціў жонцы за жаданне развесціся. Падчас здзяйснення двайнога забойства ён быў п’яны.

Год таму абласны суд асудзіў Кірыла Казачака да расстрэлу. Мужчына не стаў абскарджваць прысуд у Вярхоўным судзе і яго этапавалі ў мінскае СІЗА, дзе асуджаныя чакаюць расстрэлу.

Паводле апошніх звестак, у Беларусі ёсць яшчэ пяць асобаў, асуджаныя да расстрэлу.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі