Партугальцы ў турмах хаваюцца ад крызісу, а брытанцы – адпачываюць

Нечаканая навіна прыйшла з Партугаліі. Як аказалася, мясцовыя вязні не спяшаюцца пакідаць турмы. Бо тут ёсць хаця б казённыя харчы, а на волі – крызіс ды і толькі. Упершыню такія думкі агучыў кіраўнік прафсаюза суддзяў Жазэ Маўрайз Лопез. А вось што кажуць у арганізацыі O Companheiro, якая дапамагае вязням:

“Сярод нашых падапечных ёсць крыху асобаў сярэдняга веку, якія адбываюць пакаранне ў напалову адкрытых установах. Некаторыя маглі б умоўна застацца на волі, але выбіраюць начлег у турме, бо ім няма куды падацца. Некаторыя ж спецыяльна здзяйсняюць дробныя злачынствы, каб патрапіць за краты, бо не маюць сродкаў на жыццё”.

Колькасць вязняў у Партугаліі, у якой жыве больш за 10 мільёнаў чалавек — 14 тысяч. 2 тысячы з іх атрымалі прысуд цягам апошніх двух гадоў, калі ў краіне узмацніўся крызіс, а беспрацоўе дасягнула 17%.

Тым часам у Вялікабрытаніі таксама ўсур’ёз задумваюцца над тым, каб “добраахвотна-прымусова” зацягнуць людзей у турмы. Тут хочуць перарабіць старыя турмы ў гатэлі.

“Там, дзе калісьці стравы падаваліся праз краты, абслуга будзе прыносіць у нумары аладкі, а замест жорсткіх ложкаў з’явяцца масажныя працэдуры”, — піша The Guardian. І тут жа дадае, што ідэя не новая: нешта такое ўжо ёсць у самой Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландах і нават у суседняй з Беларуссю Латвіі.

Цікава, што рэальныя нарвежскія турмы, дзе адбываюць пакаранні асуджаныя, і так часам нагадваюць месцы адпачынку. Калумніст The Guardian Эрвін Джэймс у пачатку года наведаў мясцовы востраў Бастой, дзе “сядзяць” 115 чалавек. Тут яны гадуюць скаціну, працуюць у пральні, у канюшні, у лясной і роварнай майстэрнях (многія зняволеныя маюць ровары, набытыя на ўласныя грошы). У вольны час ловяць рыбу альбо плаваюць. Эрвін Джэймс, які правёў 20 гадоў у брытанскай турме, піша, што ў Нарвегіі да зняволеных ставяцца, “як да людзей”:

“Нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць іх злачынстваў, я заўважыў, што пазбаўленне волі было адзіным пакараннем для іх. У камерах былі тэлевізары, камп’ютары, душы. Некаторыя зняволеныя па нейкіх прыкметах выдзяляліся, але ўсім, нават тым, хто быў асуджаны на максімальны тэрмін пазбаўлення волі ў 21 год, прапаноўвалі праграмы адукацыі і развіцця навыкаў”.

Турма Бастой у Нарвегіі 

Магчыма з-за такіх адносінаў у Нарвегіі самы маленькі ў Еўропе ўзровень рэцыдыву: толькі 30% асуджаных зноў вяртаюцца ў турмы. Для параўнання: у Вялікабрытаніі гэты паказчык большы ўдвая.

Што паказальна, такі давер да зняволеных не заўсёды апраўдваецца. Паводле статыстыкі, Данія, Нарвегія і Фінляндыя маюць самы высокі ўзровень уцёкаў на 10 тысяч асуджаных. У той час як у Францыі і краінах Бенілюкса ў 2010 годзе зафіксавалі найбольшую колькасць самазабойстваў на 10 тысяч зняволеных.

У працяг статыстыкі варта ўзгадаць пра даследаванне праваабарончай арганізацыі пры Савеце Еўропы, якое распавядае пра перапоўненасць у еўрапейскіх турмах. Часам на 100 месцаў прыходзіцца ў паўтара раза больш зняволеных. Асабліва востра гэта адчуваецца ва ўсходне- і паўднёваеўрапейскіх краінах.

Фота: euprojects-dieberater.blogspot.com, Marco Di Lauro/Getty Images

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі