Парашэнка перадаў ордэн Героя Нябеснай Сотні бацькам Жызнеўскага (фота)

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзнагародзіў ардэнамі Герояў Нябеснай Сотні траіх замежнікаў, якія загінулі падчас рэвалюцыі ў Кіеве сёлета. Сярод іх і беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Парашэнка сустрэўся з яго бацькамі, якія прыехалі ва Украіну, і перадаў ім ордэн.

Украінскі прэзідэнт падзякаваў Ніне Васільеўне і Міхаілу Пятровічу за тое, што яны выхавалі героя, памяць пра якога "назаўжды застанецца ў сэрцах украінцаў". "Ваш сын сапраўды герой. Ён аддаў самае каштоўнае — сваё жыццё. І аддаў жыццё не толькі за свабоду Украіны, але і за тое, каб была дэмакратыя і свабода ва ўсёй Еўропе і ва ўсім свеце", — цытуе словы Пятра Парашэнкі яго прэс-служба.

У сваю чаргу, маці Жызнеўскага распавяла пра тое, што ў Беларусі да яе сына адносяцца неадназначна, некаторыя яго лічаць "бандытам і нацыстам", на магіле невядомыя пастаянна зрываюць украінскі сцяг. Яна выказала надзею, што званне Героя Украіны дазволіць змяніць адносіны да сына на радзіме.

Парашэнка адзначыў, што зробіць усё магчымае для таго, каб Міхаіл Жызнеўскі атрымаў званне Героя Украіны. Пакуль жа закон не дазваляе ўручаць гэтую ўзнагароду замежнікам. Украінскі прэзідэнт спадзяецца, што парламент прыме неабходныя змены ў заканадаўства.

У Кіеве адкрылі помнік загінуламу беларусу Міхаілу Жызнеўскаму (фота)