Першы дзень Еўрагульняў: прыгожыя валанцёры, чэргі, кранальнае гістарычнае шоў

Першы дзень Еўрагульняў: прыгожыя валанцёры, чэргі, кранальнае гістарычнае шоў

Галоўная спартыўная падзея года ў Беларусі стартавала. Удзень 21 чэрвеня каля стадыёна "Дынама" ўсё ўжо падрыхтавана да адкрыцця Еўрапейскіх гульняў. Шапікі рамеснікаў, супрацоўнікі аховы і міліцыі сустракаюцца праз кожныя 5-10 метраў, маладзёны ў валанцёрскай спартовай форме — памыліцца немагчыма.

Гледачоў прасілі прыйсці раней за афіцыйны пачатак — каб не было вялізных чэргаў на ўваход. Сотні чалавек сталі на прапускных пунктах яшчэ з 19 гадзін — за тры гадзіны да запланаванага пачатку мерапрыемства.

Каля ўваходу на “Дынама” найвялікшая чарга была да намёту з сімволікай гульняў. Тут прадаваліся цішоткі, заплечнікі і кепкі са шчаслівым лісянём Лесікам. А побач валанцёры з усмешкамі на тварах раздавалі “пяцюні” і віталі гасцей.

Праз прысутнасць Аляксандра Лукашэнкі і іншых высокапастаўленых гасцей частка ўваходаў на сектары была зачыненая, таму прайсці наўпрост да свайго месца было цяжка. Некаторым гледачам даводзілася ісці праз 5-6 сектараў сярод натоўпу.

Валанцёры дапамагалі максімальна хутка разруліваць патокі людзей і падказваць, як прасцей і хутчэй знайсці сваё месца. Дарэчы, 75% валанцёраў — дзяўчыны, а самае распаўсюджанае імя — Анастасія.

З прыбыццём Аляксандра Лукашэнкі з сынам, а таксама Дзмітрыя Мядзведзева з Рамзанам Кадыравым, пачалася афіцыйная частка праграмы. Па радыюсе стадыёна стрэлілі фейерверкі. У вялізарную закрытую сцэну ў цэнтры арэны зайшлі музыкі Нацыянальнага аркестра, а на стадыён выйшлі дзеці ў нацыянальных касцюмах, якія неслі чырвона-зялёны сцяг. Над дзецьмі тым часам “ляцеў” на дратах плюшавы бусел.

На арэну пачалі выходзіць нацыянальныя каманды. Спартоўцы махалі рукамі, смяяліся і рабілі сэлфі — усё як на Алімпійскіх гульнях. Вось толькі падтрымкі большасці краін было не чуваць. Гледачы актыўна крычалі пры з’яўленні грузінскай і гішпанскай каманды, а таксама расійскіх, польскіх і ўкраінскіх атлетаў.

Парад, дарэчы, закрывала беларуская зборная, якая ішла ўслед за ўкраінцамі. Пры з’яўленні суайчыннікаў стадыён амаль што ўзарваўся. Кантраст здзіўляў — іншаземных заўзятараў спорту ўсё ж было небагата.

Афіцыйнае шоў адкрыцця Гульняў доўжылася каля двух гадзін. Сотні актораў з дапамогай вялізарных праекцый і спецэфектаў паказвалі гісторыю Беларусі — ад міфаў да нацыянальных традыцый, ад першых князёў да цытат з твораў Васіля Быкава. Тут можна было пабачыць і бітву старадаўніх герояў з цмокамі, і жаўнераў з "Калюмнай" на шчытах і "Пагоняй" на сцягах, і ажыўшыя творы Марка Шагала.

Пазней стала вядома, што павінна была быць і яшчэ адна частка шоў — пра сучасную Беларусь. Усё было падрыхтавана да апошняй дробязі, аднак у апошні момант гэтую частку адмянілі. Магчыма з-за таго, што праграмма была і так занадта доўгая.

“Алімпійскі” агонь, дарэчы, запалілі не адразу. Пасля шоў настаў час выступаў афіцыйных ліц. Са сваімі прамовамі выступіў кіраўнік Еўрапейскага Алімпійскага камітэту. Ён здзвіў “Дынама” тым, што казаў па-беларуску. А пасля да трыбуны выйшаў і кіраўнік Беларусі. Падчас сваёй рускамоўнай прамовы ён неаднарозава адзначыў важнасць правядзення Гульняў, нават агаварыўшыся пра тое, што яны Алімпійскія (а не Еўрапейскія). І нават прапанаваў вырашаць усе канфлікты тут, праз спорт і сумленныя спаборніцтвы, відавочна меўшы на ўвазе вайну паміж Украінай і Расіяй.

Запальваць агонь на галоўнай арэне краіны выйшла Дар’я Домрачава, вядомая спартсмэнка і любіміца Лукашэнкі. Да яе далучыліся і іншыя вядомыя спартсмены і спартсменкі. Калі ж падыйшоў час запальваць вялікі агонь, над “Дынама” павісла цішыня. Праз некалькі момантаў музыка зноўку загучала, а з памоста з факелам у бок галоўнай чашы стрэльнулі салюты, а вошнішча разгарэлася — кульмінацыя відовішча была сустрэнута авацыямі і адчуваннем аблягчэння.

Падчас відовішчнай цэрэмоніі адбылося некалькі здарэнняў: адзін з валанцёраў страціў прытомнасць, а ў час выканання нумару па паветранай акрабатыцы гімнастка сарвалася з вышыні. З пункта гледжання звычайнага гледача, праграму можна было б і скараціць, а ў само відовішча дабавіць больш спорту — амаль усё шоў было прысвечана Беларусі. Спартовая частка заняла зусім мала часу.

Але шоў усё ж такі атрымалася. Прыгожа, эфектна і патрыятычна. І нават кранальна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі