Паплечнікі Казуліна запрасілі міністра Навумава да тэледэбатаў

25 сакавіка, у другую гадавіну з моманту арышту экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, былы адвакат палітвязня Ігар Рынкевіч накіраваў зварот міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву з прапановай арганізаваць тэледэбаты на тэму палітвязняў і абгаварыць прававы аспект зняволення Аляксандра Казуліна. Адпаведныя лісты былі таксама накіраваныя дырэктару Нацыянальнага прэс-цэнтра Яну Сакалоўскаму і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандру Зімоўскаму. - Я звяртаюся да Навумава як да "адваката" Аляксандра Лукашэнкі і аднаго з асноўных абвінаваўцаў Казуліна з прапановай правесці адкрытыя тэледэбаты, - заявіў Ігар Рынкевіч. - Мы, юрысты і праваабаронцы, хочам давесці міністру ўнутраных спраў, які неаднаразова заяўляў, што ў Беларусі няма палітвязняў, што гэта не так. У нас дастаткова аргументаў, каб прадэманстраваць, што ўжо два гады Аляксандр Казулін незаконна знаходзіцца за кратамі.

Па словах Ігара Рынкевіча, прававыя сродкі ў пытанні вызвалення Казуліна ўжо шмат у чым вычарпаныя. Цяпер паплечнікі Казуліна праводзяць галадоўку з патрабаваннем вызваліць палітыка.

Адной з магчымых пляцовак для абмеркавання пытання аб палітвязнях Ігар Рынкевіч паказвае перадачу "Зваротны ход" на Першым нацыянальным тэлеканале.

- Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі неаднаразова казаў: прыходзіце, будзем абмяркоўваць любыя тэмы, - адзначае былы адвакат Казуліна. - Вось мы і дашлі. З іншага боку, дэбаты па дадзенай тэме можна было б правесці і ў Нацыянальным прэс-цэнтры, а потым паказаць у эфіры. Дарэчы, прэс-цэнтр фігуруе ў першым эпізодзе абвінавачвання Казуліна, калі палітыка не пусцілі туды 17 лютага 2006 года выступіць у якасці кандыдата ў прэзідэнты.

А пакуль Аляксандр Казулін застаецца ў папраўчай калоніі "Витьба-3". Тым самым апраўдаўся яго прагноз, дадзены ў канцы лютага пасля пахаванняў жонкі:

- Я заўсёды разлічваю на лепшае і рыхтуюся да горшага. Я абсалютна ўпэўнены, што да 25 сакавіка мяне сапраўды не адпусцяць, - сказаў Казулін.

“Салідарнасць”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі