Папа Францішак ратаваў палітвязняў ад аргентынскай дыктатуры

Італьянскі журналіст Нэла Скава першапачаткова хацеў сабраць “кампрамат” на цяперашняга пантыфіка, які не ішоў на канфрантацыю з уладамі. Аднак, да свайго вялікага здзіўлення ён знайшоў зусім адваротнае да таго, што шукаў. Даследчык убачыў, што дзякуючы тагачаснаму генеральнаму настаяцелю Ордэна езуітаў Хорхе Берголіа ў Аргентыне была створана сапраўдная падпольная сетка, мэта якой заключалася ў выратаванні дысідэнтаў, пераследаваных дыктатарскім рэжымам.



Знойдзеныя дакументы сталі асновай для кнігі “Спіс Берголіа”, якая некалькі дзён таму з’явілася на паліцах кнігарняў Італіі і атрымала назву па аналогіі з вядомым на ўвесь свет “Спісам Шындлера”. У ёй сабраны сведчанні і гісторыі 192 асоб, выратаваных будучым Папам.



Большасць апавяданняў тычыцца аргентынскай сталіцы, дзе пражываў Хорхе Берголіа, а таксама ўніверсітэта “Дэль Сальватор”, звязанага з Ордэнам езуітаў. Менавіта тут саракагадовы езуіт хаваў шматлікіх дысідэнтаў, часта цэлыя групы, прадстаўляючы іх студэнтамі, якія праходзяць духоўныя практыкаванні. Многім з іх у далейшым Берголіа дапамагаў пакінуць краіну, будучы перакананым, што забітымі “яны не маглі б працягваць сваю місію”.


Некаторыя сведкі тых падзеяў апавядаюць, што Берголіа заклікаў да большай асцярожнасці, прасіў не казаць па тэлефоне кампраметуючых рэчаў і не пісаць лістоў, таму што гэта “не быў час гульні ў герояў”. Ён дзейнічаў асцярожна і дзякуючы гэтаму намагаўся вызвалення многіх палітычных вязняў, нават падчас прыватных сустрэч з высокімі прадстаўнікамі рэжыму, паведамляе Радыё Ватыкану.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі