Памёр навукоўца і апазіцыйны палітык Юрый Хадыка

Памёр навукоўца і апазіцыйны палітык Юрый Хадыка

Памёр прафесар, доктар фізыка-матэматычных навук і актыўны дзеяч адраджэнскага руху Юрый Хадыка. Яму было 78 гадоў. Пра смерць прафесара паведаміў яго сын Канстанцін на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Апошнім часам Юрый Хадыка жыў у сына ў ЗША, у штаце Каларада.

Юрый Віктаравіч Хадыка нарадзіўся ў Мінску 23 чэрвеня 1938 года. Ён зрабіў кар'еру ў фізіцы, узначальваў секцыю аптычна-электронных сродкаў разведкі ў камісіі АН СССР па распрацоўцы прагнозу развіцця ўзбраенняў, абараніў доктарскую “Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракет”, аўтар каля 150 навуковых прац па фізіцы.

Апроч таго, аддаў шмат часу працам па даследаванні гісторыі Беларусі — прымаў удзел у зборы матэрыялаў (экспедыцыі) і напісанні “Зводу помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. У 1979 годзе Хадыка адкрыў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры.

У 1980-я гады ён далучыўся да руху беларускага адраджэння, з 1988 па 2007 год быў намеснікам старшыні БНФ. Таксама Юрый Хадыка ўваходзіў у назіральную раду БХК і быў прарэктарам Народнага ўніверсітэта, піша “Наша Ніва”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі