Памёр экс-дырэктар фестывалю "Славянскі базар" Радзівон Бас
Ва ўзросце 64 гадоў памёр былы дырэктар фестывалю "Славянскі базар" Радзівон Бас, піша tut.by. Ён быў нязменным дырэктарам фэсту 21 год — ад яго з'яўлення.
Пра смерць Баса паведаміла ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку Ганна Бонд.
Радзівон Бас — заслужаны дзеяч культуры Беларусі, ганаровы грамадзянін Віцебска, музыка.
У 1991 годзе ён ініцыяваў музычны фэст "Славянскі базар" у Віцебску, з 1992-га быў дырэктарам гэтага фэсту. Пад яго кіраўніцтвам "Славянскі базар" двойчы станавіўся "Лепшым фэстам года" (2000 г., 2004 г.) паводле ацэнкі Міжнароднай федэрацыі фестывальных арганізацый (FIDOF).
У 2013 годзе хвароба змусіла Баса пакінуць "Славянскі базар". У СМІ паведамлялася, што яму ампутавалі абедзве нагі.