Памёр былы кіраўнік Мінгарвыканкама Аляксандр Герасіменка

Памёр былы кіраўнік Мінгарвыканкама Аляксандр Герасіменка

2 жніўня на 72-м годзе жыцця памёр дзяржаўны дзеяч, дыпламат, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аляксандр Герасіменка, перадае БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства замежных спраў. На пачатку 90-х гадоў ён займаў пасаду кіраўніка Мінгарвыканкама. 

У МЗС адзначылі, што Герасіменка быў высокапрафесійным дыпламатам з маштабным дзяржаўным мысленнем і карыстаўся заслужаным аўтарытэтам як у Беларусі, так і за мяжой. "Паспяхова прадстаўляючы Беларусь і ў якасці намесніка міністра замежных спраў, і на пасадзе пасла ў шэрагу замежных краін, ён заўсёды быў сапраўдным патрыётам, беззапаветна адданым сваёй Радзіме", — падкрэслілі ў міністэрстве. 

Аляксандр Герасіменка нарадзіўся 15 студзеня 1946 года. Свой працоўны шлях ён пачаў вытворчым майстрам Беларускага аўтамабільнага завода. У 1991-1995 гадах быў старшынёй Мінгарвыканкама. Потым амаль 19 гадоў працаваў на дыпламатычнай ніве. У 1995-2000 гадах Герасіменка быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом у Балгарыі і Грэцыі па сумяшчальніцтве, з 2000-га па 2006-ы — намеснікам міністра замежных спраў, у 2006-2013 гадах — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом у Латвіі.

Пасля адстаўкі ўзначальваў Савет старэйшын пры Мінгарвыканкаме, уваходзіў у Клуб ветэранаў дыпламатычнай службы. 

Цырымонія развітання пройдзе 3 жніўня з 12.00 да 14.00 у Доме Літаратараў (Мінск, вул. Фрунзе, 5).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі