Вы тут

Памёр архітэктар Вальмен Аладаў, аўтар будынкаў Акадэміі навук і Камароўкі

Вальмен Аладаў / minsknews.by

У Мінску ў аўторак, 2 лістапада, памёр заслужаны архітэктар Беларусі Вальмен Аладаў, паведамляе Беларускі саюз архітэктараў. Яму быў 91 год. 

Архітэктар, навуковец, педагог і грамадскі дзеяч, Вальмен Аладаў быў сынам кампазітара і народнага артыста БССР Мікалая Аладава і Алены Аладавай, якая ў 1944-1977 гадах узначальвала Нацыянальны мастацкі музей БССР.

Аладаў — аўтар больш чым 100 збудаванняў і архітэктурных ансамбляў. У іх ліку — будынак прэзідыума Акадэміі аграрных навук БССР у Мінску, абласной бібліятэкі ў Маладзечне, ансамбля жылых дамоў на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова з крамай "Акіян" у Мінску, 15-га корпуса БНТУ, універсамаў "Фрунзенскі", "Серабранка", "Цэнтральны", Камароўскага рынку, Алімпійскага спарткомплексу і Музея народнай творчасці ў Раўбічах. 

Нядаўняя смерць жонкі, архітэктара, Нінэлі Аладавай, "падкасіла гэтага цудоўнага чалавека", гаворыцца ў спачуванні БСА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.