Паміж сесіямі дэпутаты пайшлі ў народ

Разам з выбаршчыкамі парламентарыі разглядаюць падатковы кодэкс, гутараць пра паляпшэнне жыллёвых умоў і абмяркоўваюць будучыя законы У чэрвені скончылася парламенцкая сесія. Да 1 кастрычніка беларускія дэпутаты не будуць праводзіць пасяджэнняў. Іх чакае праца ў акругах і каля месяцу адпачынку. Еўрарадыё вырашыла адшукаць народных абраннікаў.

"Калі няма сесіі, то гэта не значыць, што не трэба нічога рабіць. Усе дэпутаты, якія не ў адпачынку, працуюць у акругах і вядуць прыёмы, — расказвае дэпутатка ад Лунінца Ларыса Вершаловіч. — Звычайна пытанні выбаршчыкаў не тычацца змены заканадаўства, гэта пытанні звычайнага жыцця, звычайных людзей. Іх турбуе жыллё, дахі. У маім раёне людзей турбуюць зямельныя надзелы, таму што ў Брэсцкай вобласці не вельмі шмат зямлі".

Дэпутатку ад Гродна Марыну Рэмшу мы засталі на працоўным месцы. Яна таксама сустракалася з выбаршчыкамі сваёй акругі.

Марына Рэмша: “Больш за ўсё людзей цікавяць праблемы пенсійнага забеспячэння. А таксама звяртаюцца з пытаннямі па пастаноўцы ў чаргу за жыллём, па льготным крэдыце, з камунальнымі пытаннямі”.

У бліжэйшым часе дэпутатка плануе заняцца падрыхтоўкай да другога чытання закона аб моладзевай палітыцы. Адпачынак яна запланавала ў жніўні. З'язджаць за мяжу не збіраецца. Хутчэй за ўсё правядзе два тыдні ў санаторыі ў Парэччы на Гарадзеншчыне. А ў астатак адпачынку зоймецца хатнімі справамі.

Парламентарый з Лідскай выбарчай акругі Тамара Клябан змясціла тры месяцы да кастрычніка ў тры пункты.

Тамара Клябан: "Па-першае, я зараз у сваім улюбёным горадзе Ліда, па-другое, раблю невялічкі рамонт у кватэры, а па-трэцяе, збіраюся адпачыць на міжземным моры".

Але потым спахапілася і дадала, што ў якасці дэпутата паспела паўдзельнічаць у адкрыцці новай вытворчай лініі на лідскім прадпрыемстве "Лакафарба", раздаць там частку падатковага кодэксу, які разглядаецца ў парламенце. І цяпер чакае, што людзі звернуцца да яе, каб змяніць ці ўдакладніць што-небудзь.

Але ўвогуле на сустрэчах выбаршчыкаў цікавяць рэчы больш асабістыя, напрыклад, просяць зрабіць больш жорсткім жыллёвы кодэкс, каб супрацьстаяць гаспадарам котак і сабак.

Паляпшэнне жыллёвых умоў — праблема нумар адзін і ў выбаршчыкаў на акрузе Генадзя Давыдзькі. Акрамя таго дэпутата ўпрошваюць адмяніць… нумары ў пашпартах.

Генадзь Давыдзька: "Ёсць адна праблема шэрагу людзей, іх каля тысячы, якія па рэлігійных матывах адмаўляюцца ад нумару ў пашпарце. Яны лічаць, што ў чалавека павінна быць імя і прозвішча, а нумар — гэта бесаўшчына".

Па словах дэпутата, з падачы Камісіі па правах чалавека і СМІ, у якую ён уваходзіць, міліцыя і сацыяльныя службы ўжо працуюць па гэтым пытанні.

Паралельна Генадзь Давыдзька працуе ў Парламенцкім сходзе Саюзнай дзяржавы, дзе днямі разглядалася пытанне пра вяшчанне ў Беларусі новага тэлеканала.

Генадзь Давыдзька: "У Падмаскоўі было праведзена пасяджэнне камісіі Саюзнай дзяржавы па інфармацыйнай палітыцы. Адна з галоўных тэм — гэта павелічэнне вяшчання Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы “ТРА Саюза”. Цяпер канал даступны толькі ў Расіі ці праз спадарожнік. Спадзяемся, што да Новага года і ў Беларусі будзе вяшчаць “ТРА Саюза”. Зараз вядзецца праца, каб паставіць яго ў Беларусі на якую-небудзь кнопку".

Свой адпачынак дэпутат распланаваў. Ён збіраецца не ў цёплыя краіны, а ва Ўладзівасток.

Генадзь Давыдзька: "Я вучыўся ў інстытуце ва Ўладзівастоку і даўно-даўно марыў з'ездзіць хаця б на 10 дзён ва Ўладзівасток. Там ёсць выдатнае месца - Рускі востраў. Хачу там правесці адпачынак, паглядзець на мора, парыбачыць. Хаця гэта вельмі дорага, нашмат даражэй за ляжачы адпачынак у Турцыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі