Вы тут

Памежны камітэт: Беларусы з 1 студзеня змогуць наведваць памежную зону бясплатна

Ужо з 1 студзеня 2017 года грамадзяне Беларусі змогуць бясплатна наведваць памежную зону. Пра гэта паведамляецца на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Цяпер пры наведванні рэжымнай тэрыторыі трэба толькі мець з сабой дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, пасведчанне бежанца або від на жыхарства). Змены ўводзяцца ў сувязі са зменамі ў Падатковым кодэксе, якія пачынаюць дзейнічаць з 2017 года.  

Дагэтуль для наведвання памежнай зоны трэба было заплаціць 0,2 базавей велічыні (4,2 рубля на цяперашні час). Квітанцыя пра аплату пошліны дзейнічала на працягу аднаго года.

Як інфармуе Памежны камітэт, цяпер тэрмін дзеяння пропуску ў памежную зону павялічыўся ўдвая — да двух гадоў. Дзяржпошліна за гэтую паслугу складзе 0,4 базавай велічыні (8,4 рубля).

Яе не давядзецца плаціць жыхарам памежнай зоны, работнікам арганізацый, якія вядуць гаспадарчую дзейнасць у памежнай паласе, а таксама шэрагу іншых катэгорый грамадзян. Усе яны пералічаныя ў падрыхтаваным праекце ўказа прэзідэнта.

Дарэчы, змены ў парадку наведвання памежнай зоны закрануць і замежнікаў. Ім таксама тэрмін пропуску павялічыцца да двух гадоў, а памер пошліны вырасце да 0,4 базавай.

Парадак атрымання пропуску ў памежную паласу для замежнікаў будзе такім самым, як і для беларускіх грамадзянаў. Бясплатна трапіць у памежную паласу зможа іншаземец, які мае пропуск у памежную зону.

Падрабязную інфармацыю пра новыя правілы можна атрымаць у Памежным камітэце па тэлефоне (017) 329-18-70.