Памежнікі не будуць "ізаляваць" расіян, якія прыедуць у Беларусь на аўто

Беларускі памежнік / gpk.gov.by
Беларускі памежнік / gpk.gov.by

25 сакавіка Уладзімір Пуцін абвясціў, што ў рамках барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса расіянам даецца тыдзень выхадных — з захаваннем заробку. У той жа дзень Саўмін Беларусі абавязаў усіх, хто прыязджае ў нашу краіну з дзяржаў, дзе ёсць выпадкі заражэння COVID-19, 14 дзён знаходзіцца ў самаізаляцыі ў хатніх умовах.

Не сакрэт, што многія расіяне месцам адпачынку падчас "доўгіх выхадных" выбіраюць Беларусь. У Расіі каранавірус выявілі ўжо ў тысячы чалавек — гэта значыць, што расіяне па прыбыцці ў Беларусь павінны адпраўляцца ў хатнюю самаізаляцыю на два тыдні. Але выходных жа ў іх усяго тыдзень! І хто будзе кантраляваць, як грамадзяне Расіі выконваюць самаізаляцыю?

Цяпер дакладна зразумела адно: у гэтым не будуць удзельнічаць беларускія памежнікі.

"Супрацоўнікаў органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, якія ажыццяўляюць памежны кантроль, на расійскім кірунку няма", — расказаў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Беларусі Антон Бычкоўскі. Адпаведна, нашы памежнікі не будуць ні правяраць аўтамабілі, якія ідуць з Расіі, ні фіксаваць, калі яны заязджаюць у Беларусь, каб пачаць адлік для двухтыднёвай самаізаляцыі.

25 сакавіка беларускі ўрад прыняў пастанову №171 па каранавіруснай інфекцыі COVID-19. Дакумент вызначае меры па прадухіленні яе завозу і распаўсюджвання. Асобы, якія прыязджаюць у Беларусь з краін, у якіх зарэгістраваны выпадкі заражэння COVID-19, павінны 14 дзён знаходзіцца ў самаізаляцыі ў хатніх умовах. Да заканчэння гэтага тэрміну яны не змогуць выехаць з нашай краіны.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй COVID-19 у Расіі дасягнула 1036. За апошнія суткі дактары дыягнаставалі 196 новых выпадкаў заражэння.

З панядзелка, 30 сакавіка, у Расіі праз каранавірус абвясцілі непрацоўны тыдзень з захаваннем заработнай платы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі