Палякі хочуць зарабіць на Сусветных днях моладзі 313 мільёнаў долараў

Некалькі дзён таму, выступаючы на Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра, Папа Францішак аб’явіў, што наступная такая імпрэза адбудзецца ў 2016 годзе ў Кракаве.

Касцёльныя і дзяржаўныя ўлады Польшчы ўспрынялі навіну з радасцю. А самыя нецярплівыя і ўвогуле пачалі лічыць прыбыткі. Паводле статыстыкі, у сярэднім турыст-паляк пакідае ў Кракаве 220 долараў, а замежнік — утрая больш. Партал money.pl прыкідвае, колькі можа зарабіць горад:

“Мяркуючы, што сярод 2 мільёнаў чаканых гасцей у Кракаве як мінімум 500 тысяч прыедуць з замежжа, можам спадзявацца, што ў суме патрацяць каля мільярда злотых (313 млн долараў. — заўв. Еўрарадыё). Пры гэтым палову гэтых грошай выдаткуюць палякі, а палову — замежнікі”.

Некаторыя мяркуюць, што зарабіць на Сусветных днях моладзі можна нават больш, чым на Алімпійскіх гульнях. Ды і не трэба забываць пра доўгатэрміновыя даходы, адзначае старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Анджэй Здэбскі:

“Прыедуць мільёны маладых людзей. Калі ім спадабаецца, яны пасля вярнуцца да нас з сем’ямі і дзецьмі. Грошы будуць ісці ў Кракаў на працягу многіх гадоў”.

Але для таго, каб зарабіць, трэба спачатку інвеставаць. Эксперты ацэньваюць кошт правядзення Сусветных дзён моладзі ў Польшчы ў 63 мільёны долараў. Кракаўскія ўлады абяцаюць добрую арганізацыю. Але пабіць па наведвальнасці злёт каталікоў у Бразіліі, дзе сабралася 3 мільёны чалавек, наўрад ці атрымаецца.

“У найлепшым выпадку зраўнуемся з Рымам 2000 года, куды прыехала каля 2,2 мільёна чалавек”, — кажа прэс-сакратарка кіраўніка Кракава Моніка Хыляшэк.

Правядзенне Сусветных дзён моладзі ў Польшчы можа быць добрай навіной і для каталікоў з Беларусі, якіх чакаюць у Кракаве разам з іншымі гасцямі “з Усходу”: Украіны, Літвы і Беларусі.

Трэба дадаць, што Польшча прыме Сусветныя дні моладзі ў другі раз, бо ў 1991 годзе яны ўжо праводзіліся ў горадзе Чэнстахова. Упершыню ж свята адбылося ў 1985 годзе ў Рыме па прапанове Папы Рымскага Яна Паўла II.

Фота: PAP/Lucca Zannaro

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі