Вы тут

Палова нелегальных цыгарэт у Расіі з Беларусі — дадзеныя даследавання

Беларускія цыгарэты​ / zen.yandex.ru/tabaccoclub

Палова ўсіх нелегальных цыгарэт, якія трапляюць у Расію, мае беларускае паходжанне, паведамляе БелаПАН са спасылкай на вынікі даследавання кампаніі Kantar TNS.

У ходзе даследавання тытунёвага рынку было ўстаноўлена, што доля нелегальных цыгарэт у Расіі ў першым квартале 2021 года склала больш за 10%, і палова з іх была з Беларусі.

Пры гэтым доля беларускіх кантрабандных цыгарэт за год істотна вырасла — больш чым у паўтара раза.

Пры захаванні бягучага ўзроўню нелегальнага рынку шкода расійскаму бюджэту можа скласці ў гэтым годзе каля 100 млрд расійскіх рублёў (больш за 1,3 млрд долараў ЗША), лічаць эксперты.

"Дысбаланс у акцызах, асабліва ўзмацняецца ва ўмовах рэзкага павышэння стаўкі ў Расіі на 20% з пачатку гэтага года, па сутнасці, стымулюе незаконны ўвоз", — пракаментаваў вынікі даследавання Ігар Чаркаскі, кіраўнік тытунёвай кампаніі "БАТ Расія" па пытаннях барацьбы з нелегальным гандлем.

Ён нагадаў, што летась у Расіі былі прынятыя законы, накіраваныя на барацьбу з нелегеальным рынкам, але "істотнага зруху ў гэтым пытанні няма".

На беларускія кантрабандныя цыгарэты скардзяцца і іншыя суседзі Беларусі. Аб'ёмы нелегальных паставак прыкметна выраслі ў 2020 годзе. І ў гэтым годзе праблема захоўваецца.

Еўрарадыё падлічыла, што толькі за першыя месяцы 2021 года польскія, літоўскія, латвійскія і ўкраінскія мытнікі спынілі каля 5 млн пачкаў беларускіх цыгарэт, замаскіраваных пад іншыя грузы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.