Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк адправілі на псіхіятрычную экспертызу

Паліна Шарэнда-Панасюк / https://www.facebook.com/Andrei.Sharenda/
Паліна Шарэнда-Панасюк / https://www.facebook.com/Andrei.Sharenda/

Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк адправілі з калоніі на псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда, які знаходзіцца ў Вільні. Паводле яго інфармацыі, этап можа працягвацца два тыдні.

"Дакладна вядома, што перад этапам каля двух тыдняў Паліна была ў санчастцы калоніі, хіба яе прыводзілі ў стан для этапу. А этапавалі з калоніі толькі некалькі дзён таму", — кажа Андрэй Шарэнда.

Паліну Шарэнду-Панасюк адправілі на экспертызу неўзабаве пасля таго, як яна адмовілася ад грамадзянства РБ. "Гэта яе пратэст супраць катаванняў, — кажа муж палітзняволенай. — Яна адмаўляецца ад беларускага пашпарта са сталінскім гербам на вокладцы і больш не хоча мець нічога агульнага з рэжымам, які ўсталяваўся ў Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі, які ўдзельнічае ў вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах".

Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў зняволенні са студзеня 2021-га. 9 чэрвеня таго ж года ёй прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму (яе абвінавацілі ў "гвалце" ў дачыненні да міліцыянераў і іх "абразе", а таксама ў "абразе Лукашэнкі"). А ў красавіку 2022-га дадалі яшчэ адзін год калоніі за "непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі". Палітзняволеная знаходзілася ў ПК № 24 у Рэчыцкім раёне.

Палітзняволеная за кратамі трымаецца мужна. Рада БНР узнагародзіла яе медалём ордэну Пагоні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі