Палітзняволеная Яна Пінчук, якую экстрадавалі з РФ, асуджана на 12 гадоў калоніі
Яна Пінчук / t.me/freeyana/
Палітзняволеная Яна Пінчук, якую экстрадавалі ў Беларусь з Расіі, асуджана на 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Справу разглядалі ў Мінгарсудзе два месяцы ў закрытым рэжыме (суддзя — Любоў Сімахіна).
Яна Пінчук была затрыманая ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года, і з таго часу знаходзіцца за кратамі. Беларуска жыла ў Расіі і не падазравала, што сілавікі ў Беларусі аб'явілі яе ў вышук за ўдзел у пратэстах. Рашэнне аб экстрадыцыі прыняла расійская пракуратура, а 1 чэрвеня 2022 года Гарадскі суд Санкт-Пецярбурга дазволіў выдаць Пінчук у Беларусь. Падчас пасяджэння зачытваўся ліст з Генпракуратуры РБ з гарантыямі, што дзяўчыну не будуць... катаваць на радзіме. Пра тое, што беларуска ўжо ў РБ, стала вядома ў верасні. Яе экстрадавалі, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека ААН.
Пінчук абвінавачвалі па пяці артыкулах: "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", "публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, ажыццяўленню дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі", "стварэнне экстрэмісцкага фармавання", "навучанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках" і "дзейнасць па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці такой арганізацыяй, або яе часткай ці яе структурнымі падраздзяленнямі". Насамрэч яе пераследуюць за ўдзел у масавых пратэстах 2020 года ў Беларусі. Следства сцвярджае, што ў тг-канале "Віцебск 97%" яна размяшчала паведамленні з "негатыўнай ацэнкай супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.