Палітзняволенай Яне Пінчук выставілі абвінавачанні

Беларусцы Яне Пінчук, экстрадаванай з Расіі, выставілі абвінавачанне і прызначылі шэраг экспертыз, паведамляюць праваабаронцы "Вясны". 

Дзяўчына цяпер знаходзіцца ў віцебскім СІЗА №2. Яна ўзятая пад варту на два месяцы. 

Следчыя вінавацяць яе па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яны заяўляюць, што ў тэлеграм-канале "Віцебск 97%" Пінчук пад нікам "Прынцэса Лея" размяшчала паведамленні з "негатыўнай ацэнкай супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады".

Абвінавачанне ёй выставілі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: паклёп (артыкул 188 Крымінальнага кодэкса), незаконныя дзеянні з персанальнымі данымі (частка 2 артыкула 203-1), распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы (частка 3 артыкула 130), стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем (1 і 2 артыкула 361-1), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (частка 3 артыкула 361). 

Дзяўчыне пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.