Палітвязня Ягора Дуднікава пераводзяць з калоніі ў турму

У канцы 2021-га грамадзянін Расіі быў асуджаны ў Беларусі на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Палітвязня Ягора Дуднікава пераводзяць з калоніі ў турму. Як паведамляюць праваабаронцы, 15 чэрвеня суд Бабруйскага раёна і Бабруйска узмацніў яго рэжым зняволення. У канцы 2021-га грамадзянін Расіі Дуднікаў быў асуджаны ў Беларусі на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У сераду суддзя Павел Карцінін пастанавіў змяніць рэжым з узмоцненага на турэмны на тры гады.
21-гадовага Ягора Дуднікава пакаралі за ўдзел у пратэстах у нашай краіне. Яго прызналі вінаватым у "распальванні групай асоб сацыяльнай варожасці" і "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт". Па версіі следства, хлопец зрабіў больш за паўсотні аўдыёзапісаў, у якіх былі заклікі да ўдзелу ў "масавых беспарадках" і "пагрозы на адрас прадстаўнікоў дзейнай улады".
Дуднікаў знаходзіцца за кратамі ў Беларусі з траўня 2021 года, ён прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязнем.
У бабруйскай калоніі ён прабыў тры месяцы, у траўні яго змясцілі ў "памяшканне камернага тыпу". У хуткім часе Ягора Дуднікава перавядуць у адну з турмаў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.