Палітвязня Мікалая Статкевіча зноў змясцілі ў ШІЗА

Мікалай Статкевіч / svaboda.org

Палітвязня Мікалая Статкевіча зноў змясцілі ў штрафны ізалятар. Пра гэта расказала жонка Статкевіча Марына Адамовіч. Палітыка пакаралі за адмову прыбіраць прагулачны дворык.

"Калі, нарэшце, адрамантавалі прагулачныя падворкі і Мікалая пачалі выводзіць на паўгадзінны шпацыр, ад яго пачалі патрабаваць гэтыя падворкі прыбіраць за іншымі. Безумоўна, ён адмовіўся. Пенсіянер жа)). У выніку кожная "прагулка" заканчваецца спагнаннем", — расказала жонка палітыка.

Адамовіч таксама даведалася, што фігурантам справы, па якой праходзіў Статкевіч (а іх усяго 6 чалавек) выставілі чарговы "іск" на 22 мільёны. "А за што, ведаеце? За цяжкія працоўныя пазапланавыя намаганні "аматараў мастацтва" ў 2020-м", — піша Адамовіч. Гаворка пра супрацоўнікаў міліцыі. Асаблівая пікантнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што ўсе без выключэння фігуранты гэтай справы былі арыштаваныя ў траўні-чэрвені 2020-га. Падрабязнасці палітык апісаў у адным з лістоў, але ён дзесьці "згубіўся" ў дарозе. "Іншыя лісты, пра якія я дакладна ведаю, таксама заблукалі недзе", — адзначае Адамовіч.

Мікалая Стакевіча абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў снежні 2021 года прысудзілі да 14 гадоў асаблівага рэжыму.  Разам з ім судзілі Сяргея Ціханоўскага (прысуд — 18 гадоў узмоцненага рэжыму), Ігара Лосіка (15 гадоў узмоцненага рэжыму) і яшчэ некалькіх чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.