Палітвязня Міхаіла Жамчужнага абвінавацілі ў спробе ўцёкаў з калоніі

Палітвязня Міхаіла Жамчужнага абвінавацілі ў спробе ўцёкаў з калоніі

Палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае заключэнне ў калоніі №14 пад Барысавам, абвінавацілі ў спробе ўцёкаў і змясцілі ў штрафны ізалятар на 5 сутак. Пра гэта паведамляе сайт spring96.org

Пакаранне было звязана з падзеямі, якія адбыліся ноччу 16 лістапада. У барак, дзе спаў Жамчужны, зайшлі два супрацоўнікі папраўчай установы і ўбачылі на ніжнім ярусе яго нараў сумку — яна належыла асуджанаму, які вызваліўся і пры вызваленні пакінуў свае рэчы іншым вязням. Аднак супрацоўнікі калоніі вырашылі выкарыстаць гэтую сітуацыю, каб абвінаваціць Жамчужнага ў парушэнні, а дакладней — у "спробе ўцёкаў", хоць прыналежнасць сумкі і рэчаў палітвязьню не пацвердзілася.

Пра гэтую сітуацыю Жамчужны распавёў у лісце да праваабаронцы Таццяны Равяка. Паводле яго слоў, у ШЫЗА ён патрапіў упершыню ў жыцці, хоць да гэтага цалкам адбыў 5 гадоў пазбаўлення волі. Раней адміністрацыя калоніі патрабавала ад яго спыніць скаргі на ўмовы ўтрымання.

Падчас ізаляцыі палітвязень даведаўся, што на 25 лістапада было прызначанае судовае пасяджэнне ў судзе Барысаўскага раёна. Але якая скарга разглядалася - не паведамлялася, таму на дадзены момант невядома, па якой скарзе на ўмовы ўтрымання было прынята рашэнне суда і з якім вынікам.

Нагадаем, заснавальнік "Платформа інавэйшн" Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, ст. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага раскрыцця звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі