Палітвязень Віталь Шкляраў сустрэўся з мамай

Віталь Шкляраў у аб'ектыве Вікторыі Адысонавай / "Новая газета"
Віталь Шкляраў у аб'ектыве Вікторыі Адысонавай / "Новая газета"

Палітвязень Віталь Шкляраў сустрэўся з мамай. "Плакалі паўгадзіны",расказаў TUT.by адвакат Антон Гашынскі.

Па словах адваката, Шкляраў знаходзіцца ў Мінску пад падпіскай аб нявыездзе, хоць першапачаткова была інфармацыя пра хатні арышт. Да мамы паліттэхнолага прывезлі ўвечары 19 кастрычніка. Сустрэча была вельмі эмацыйная.

— Са слоў следчага, яму змянілі меру стрымання на працягу сутак па нашым хадайніцтве. Думаю, адной з прычын гэтай пастановы была цяжкая хвароба мамы Віталя, — расказаў Гашынскі.

Паліттэхнолага Віталя Шклярава затрымалі за 10 дзён да прэзідэнцкіх выбараў у Гомелі (прыехаў адведаць бацькоў) і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак: маўляў гэта Шкляраў дапамагаў Ціханоўскаму, калі той сабраўся вылучацца ў прэзідэнты. Сам паліттэхнолаг адмаўляў сувязь з Ціханоўскім і заяўляў, што яго пераследуюць за крытыку рэжыму Лукашэнкі. 

10 кастрычніка Шкляраў стаў адным з 12 палітвязняў, якія былі на сустрэчы з беларускім кіраўніком у СІЗА КДБ. 14 кастрычніка яму была змененая мера стрымання. Пра тое, што паліттэхнолаг выйшаў з СІЗА, адвакат даведаўся толькі ў панядзелак, 19-га.

Па словах выпушчанага раней каардынатара штаба Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага, на якога ўскладзена місія паручыцца за тых, "хто аказаўся не так грамадска небяспечны для краіны, як здаваўся на першым этапе", нейкі час Шкляраў знаходзіўся ў доме маці Васкрасенскага, "бо ён не з Мінска, у яго не было грошай на гатэль і не было куды ехаць".

Віталь Шкляраў родам з Гомеля, жыве ў ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі