Палітолаг Карбалевіч: Спаць давялося проста на крэслах у транзітнай зоне

Еўрарадыё: Спадар Валер, перад пачаткам паездкі ў вас былі нейкія перасцярогі? Ці разумелі, што могуць не пусціць?

Валер Карбалевіч: Мяне пры рэгістрацыі ў мінскім аэрапорце папярэдзілі, што немцы не вельмі спрыяльна ставяцца да славацкіх віз. Гэта першае папярэджанне было, але было ж ужо позна.

Еўрарадыё: Да славацкіх віз увогуле, альбо да чыстых, нескарыстаных?

Валер Карбалевіч: Да нескарыстаных, так.

Еўрарадыё: Прыляцелі вы ў Германію, як складвалася размова з памежнікамі?

Валер Карбалевіч: Адразу звярнулі ўвагу на тое, што я маю славацкую візу, што гэта першая паездка. Пачалі высвятляць, куды і навошта я еду. І ў прынцыпе абвінавацілі ў тым, што я здзейсніў спробу незаконнага ўезду. Таму што па іх логіцы я павінен быў атрымаць візу ў французскай амбасадзе, бо ехаў у Францыю. А калі ўзяў яе ў славацкім пасольстве, то і ехаць мушу ў Славакію. І значыць гавару няпраўду.

Еўрарадыё: Вы не спрабавалі апеляваць да візавага шэнгенскага кодэкса? Маўляў, ён дазваляе вам ехаць.

Валер Карбалевіч: Спрабаваў. Але пачуў, што ў іх іншыя правілы і яны кіруюцца імі.

Еўрарадыё: Вы патрабавалі консула? Перакладчыкі, допыты — як гэта адбывалася?

Валер Карбалевіч: Мяне папярэдзілі, што беларускую амбасаду ў Берліне ўжо папярэдзілі. І на допыты далі перакладчыка.

Еўрарадыё: Чым закончылася ваша затрыманне?

Валер Карбалевіч: Мяне абвінавацілі ў парушэнні правілаў уезду, анулявалі візу, і я павінен быў вярнуцца назад у Мінск. Убачылі, што я маю зваротны квіток на 5 лістапада. І было два варыянты: ці то чакаць да пятага чысла, ці то пайсці і купіць іншы квіток, каб не чакаць. Я паспрабаваў купіць іншы, але кошт быў больш за тысячу еўра, а такіх грошай пры сабе не меў.

Еўрарадыё: Дзе вы засталіся, дзе начавалі?

Валер Карбалевіч: У транзітнай зоне.

Еўрарадыё: Там хоць прылегчы можна?

Валер Карбалевіч: Толькі больш-менш утульныя крэслы. Не больш за тое.

Еўрарадыё: А паесці?

Валер Карбалевіч: Буфеты працуюць, зразумела. Усё за свой кошт.

Еўрарадыё: Колькі вам абышлося, каб пратрымацца?

Валер Карбалевіч: Ну, вось учора еў-піў цэлы дзень у аэрапорце. Зразумела, што есці і не хацелася асабліва праз такі стрэс.

Еўрарадыё: На вас выходзіў нехта за гэты час, магчыма, амбасадар?

Валер Карбалевіч: Так, са мной кантактавалі людзі з Савета Еўропы, якія мяне запрашалі. Таксама некалькі разоў тэлефанавалі з амбасады Германіі ў Мінску, пыталіся як развіваецца сітуацыя. Званілі таксама з амбасады Славакіі, абураліся гэтай сітуацыяй. Сказалі, што будуць разбірацца.

Еўрарадыё: Вы спадзяваліся, што выйдзеце на волю раней за пятае чысло?

Валер Карбалевіч: Я аддаў сітуацыю на волю лёсу і асаблівых намаганняў не прыкладаў.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, шум у СМІ вам дапамог, альбо нашкодзіў?

Валер Карбалевіч: Лічу, што дапамог. Бо гэты інфармацыйны шум, які ўзняўся, прыцягнуў увагу дыпламатаў і мне ў выніку далі кароткатэрміновую візу для наведвання Страсбурга.

Еўрарадыё: І апошняе — якія б вы парады далі падарожнікам, каб яны не трапілі ў падобную сітуацыю?

Валер Карбалевіч: Парада стандартная — лепш ехаць у тую краіну, якая вам дала візу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі